Шчучынцы змогуць пабываць у аўтэнтычнай атмасферы савецкай эпохі
Музейная экспазіцыя размесціцца ў РЦКіНТ.
Будынак, у якім раней размяшчалася аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, цяпер больш паходзіць на музей. Старыя рэчы паўсюль. Тут і газеты, і маркі, і паштоўкі, і адзенне, і рэчы паўсядзённага ўжытку, і савецкая атрыбутыка. Шмат асабістых рэчаў прывёз Вячаслаў Сікора. Менавіта ён займаецца зараз зборам экспанатаў.
Плануецца, што экспазіцыя музейнага пакоя будзе ўяўляць сабой тэматычныя куткі, дзе можна будзе ўбачыць розныя рэчы, звязаныя з перыядам СССР. Калі збярэцца невялікі гардэроб, то ў наведвальнікаў з’явіцца магчымасць зрабіць фатаграфію “з мінулага”. Асаблівасць музея ў тым, што да экспанатаў можна будзе дакрануцца рукамі, каб у літаральным сэнсе дакрануцца да гісторыі.
Калі ў вас ёсць прадметы-сімвалы СССР – прыносьце іх у музей! На экспанатах напішуць вашы імёны. Дарэчы, свае рэчы ўжо прынеслі Святлана Жвірбля, Вольга і Генадзь Дацэнка, Жанна Анцукевіч, Таццяна Дзячэнка і іншыя.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.