Шчучынцы прынялі ўдзел у рэспубліканскім форуме

 

У рэспубліканскім форуме пад такой назвай, што адбыўся 17 верасня ў сталічным спарткомплексе “Мінск-Арэна”, прыняла актыўны ўдзел шчучынская дэлегацыя на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ганнай Станіславаўнай Хвядзюк. Жанчыны самых розных прафесій і ўзростаў, неабыякавыя да лёсу краіны і аб’яднаныя актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, далучыліся да шматтысячнай аўдыторыі аднадумцаў, што прыехалі з усіх рэгіёнаў Беларусі, каб сказаць сваё важкае слова: “Мы – за той шлях развіцця краіны, па якім крочым ужо больш за чвэрць стагоддзя. Мы – за Беларусь мірную, прыгожую, стваральную, у якой жыць нам і нашым дзецям!”

 

Кульмінацыяй мерапрыемства стаў прыезд Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які прама з ваенных вучэнняў “Славянскае братэрства – 2020” завітаў на жаночы форум, каб запэўніць беларускіх жанчын, што і яны, і наша краіна пад надзейным крылом абаронцаў Айчыны. У сувязі з вострай палітычнай сітуацыяй зараз на заходніх рубяжах праводзяцца гэтыя вучэнні, а другі іх этап, па словах Прэзідэнта, будзе праходзіць у гонар беларускіх жанчын, якія паказалі сябе як сапраўдныя патрыёты.

 

Аляксандр Рыгоравіч у сваёй прамове не хаваў трывогу за лёс Радзімы, за пэўнае напружанне на заходніх граніцах. “Беларусь мы не аддадзім, таму што яе любім, а любімую не аддаюць”, – гэтыя словы кіраўніка дзяржавы былі сустрэты гарачымі апладысментамі.

 

Дарэчы, ва ўсіх выступленнях жанчын-палітыкаў, знакамітых спартсменак, шматдзетных маці, бізнес-лэдзі, урачоў, настаўніц, студэнтак, жанчын-афіцэраў чырвонай ніткай праходзіла думка пра тое, што ў беларусаў дастаткова мудрасці, каб самім вырашыць свае ўнутраныя праблемы без падказак з-за мяжы. Увогуле гэта была вялікая размова пра спрадвечныя чалавечыя каштоўнасці – захаванне міру і спакою на роднай зямлі, яднанне і ўзаемаразуменне ў грамадстве, адказнасць за будучыню дзяцей, гістарычную памяць. Прыемна, што нямала жанчын – палымяных прамоўцаў – было з нашай Гродзеншчыны. Гэта ігумення Гродзенскага Свята-Раства-Багародзічнага манастыра Гаўрыіла, лідар абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ірына Сцепаненка, журналіст і тэлевядучая, “Чалавек года Гродзеншчыны” Таццяна Сідоранка.

 

 

Зваротная сувязь з залай зараджала неверагоднай энергетыкай. Дзяржайныя сцягі і сцягі гарадоў і рэгіёнаў, чырвона-зялёныя стужкі, плакаты, шары – усё гэта стварала надзвычай прыўзнятую, святочную атмасферу. Нікога не пакінулі раўнадушным выступленні зорак беларускай эстрады: Анатоля Ярмоленкі і яго знакамітых “Сяброў”, Ірыны Дарафеевай, Алёны Ланской, Аляксандра Саладухі… Прыехаў з Масквы, каб падарыць “чароўным беларусачкам” свае лепшыя музычныя творы, “залаты голас” Расіі Мікалай Баскаў. Ускалыхнула сэрцы прэм’ера песні “Любімую не аддаюць”, запісаная ў выкананні вядомых беларускіх і расійскіх выканаўцаў.

 

 – Удзел у гэтым форуме – вялікі гонар для мяне, – падзялілася сваімі ўражаннямі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Наталля Міхайлаўна Карэцкая.

 

– Сапраўды, жанчыны ў нашым грамадстве – вялікая сіла. Іх нераўнадушная пазіцыя, патрыятызм, падтрымка абранага Прэзідэнта – відавочныя. Вялікае ўражанне аказала сама сустрэча з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, яго рашучасць заўжды і пры любых абставінах абараняць свой народ. А гэта ўсяляе цвёрдую ўпэўненасць, што ўсё абавязкова наладзіцца ў нашым агульным доме пад назваю Беларусь, і зноў тут стане цёпла, утульна і гасцінна, як гэта было заўжды.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!