Шчаслівага плавання на хвалях мастацтва! Такія пажаданні падчас выставы гучалі ў адрас маладой шчучынскай мастачкі Людмілы Роліч

 

Работы шчучынскай мастачкі Людмілы Роліч пабывалі на прэстыжных выставах-конкурсах у Мінску і Гродне, Маскве і Лондане, многіх іншых гарадах. Незабыўныя ўражанні і непаўторныя сюжэты лінагравюр пакінуў і ўдзел у міжнародным пленэры на колах “Наперадзе – Парыж! За вокнамі – Еўропа!” Але, напэўна, ніхто так шчыра не радуецца за перамогі і творчыя поспехі Людмілы, як родныя людзі і землякі.

 

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна яна была навучэнкай мастацкага аддзялення Шчучынскай ДШМ. А вось ужо на працягу пяці год і сама тут выкладае: паспяхова перадае юным шчучынцам тыя веды і вопыт, што памножыла за гады вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, дзе вывучала традыцыйную беларускую культуру і сучаснае мастацтва.

 

 

У мінулую пятніцу вестыбюль і актавая зала Шчучынскай школы мастацтваў больш нагадвалі адмысловую галерэю. Тут ладзілася персанальная выстава члена маладзёжнай секцыі ГА “Беларускі саюз мастакоў”  Людмілы Роліч.  Пазнаёміцца з творамі -- графікай і габеленамі -- прыйшлі калегі, сябры і вучні мастачкі, прадстаўнікі раённай улады. Намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта пажадала нашай таленавітай зямлячцы новых цікавых ідэй і шчаслівых жыццёвых дарог.

 

-- Разумею, дзе бярэ свае вытокі творчасць Людмілы, бо і мама яе, Вольга Міхайлаўна Роліч, такі ж  крэатыўны чалавек – працуе метадыстам аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва ЦКіНТ, стварае маленькія шэдэўры. Нішто так не напаўняе душу чалавека, як мастацтва. Таму асабліва прыемна бачыць на выставе вучняў Людмілы Віктараўны, -- адзначыла А.В. Пасюта.

 

Сама Людміла Роліч, пэўна, адчувала сябе ў гэты вечар крыху імянінніцай, жадала гасцям прыемнага прагляду і падкрэслівала, што наўмысна не падпісала назвы сваіх работ, маўляў, няхай кожны разгледзіць там нешта сваё. Вось стыльны габелен: на цёмна-сінім покрыве загадкавыя белыя абрысы, у якіх асабіста мне мрояцца і неспакойнае мора, і ніць Арыядны, і постаць мужнага вікінга, і сімвалы надзеі на заўтрашні ясны досвітак пасля штармавой непагадзі.

 

-- У кожнай рабоце – такая глыбіня, такая канцэнтрацыя думак! Я адкрыла для сябе Людмілу зусім з іншага боку, -- дзеліцца завуч дзіцячай школы мастацтваў Данута Антановіч. – Ведала яе як адказнага педагога, што ўмее знаходзіць агульную мову з дзецьмі, якога шчыра любяць вучні, а тут – новыя грані гарманічнай асобы…

 

 

З цеплынёй гавораць пра сваю настаўніцу Яна Набокава, Надзея Гайдук і Насця Кургун, шчыра захапляюцца яе работамі і… мараць аб уласнай выставе.

 

-- Мы многаму навучыліся дзякуючы Людміле Віктараўне: ткаць габелены, ствараць лінагравюры, ляпіць з гліны, маляваць на шкле і тэкстылі. Усё гэта вельмі цікава! – дзеляцца сяброўкі.

 

Гонар за былую вучаніцу перапаўняе і Святлану Бярозкіну:

 

-- Гэта здорава, што наша аддзяленне ўзрошчвае сапраўдных мастакоў, якія гатовы сказаць сваё адметнае слова ў сучасным мастацтве.

 

Асаблівую атмасферу выставы стварала жывая і натхнёная музыка народнага ансамбля “Дывертысмент”.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!