Сэрца, адкрытае для людзей. Валерый Краеўскі доўгі час марыў апынуцца ў эпіцэнтры валанцёрства

 Пасля Вялікай Айчыннай вайны мая прабабуля згубіла сувязь са сваім сынам. Адшукаць яго атрымалася толькі з дапамогай арганізацыі Чырвонага Крыжа. І сёння дзякуючы міжнароднаму руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца аказваецца дапамога тысячам, дзясяткам тысяч жыхароў планеты.
Валерый Краеўскі доўгі час марыў апынуцца ў эпіцэнтры валанцёрства – актыўна дапамагаць, бачыць рэальны вынік сваёй працы і зноў імчацца насустрач новым цяжкасцям і незнаёмым людзям. Стаць валанцёрам падштурхнула ўнутранае жаданне – сем год таму ён запоўніў анкету на сайце Чырвонага Крыжа і прынёс у гэтую арганізацыю. 


– Многія знаёмыя пытаюцца, як я даведаўся пра Чырвоны Крыж, – расказвае Валерый. – У школьныя, а дакладней, у гімназічныя гады я актыўна займаўся краязнаўчымі і гуманітарнымі навукамі – любіў гісторыю, пісаў навуковыя працы пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы гісторыі Алены Яўгеньеўны Лісоўскай. Пасля заканчэння Шчучынскай гімназіі паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на юрыдычны факультэт. І ўжо ў студэнцтве знайшоў магчымасць для таго, каб паспрабаваць сябе ў валанцёрстве. Многія здзіўляліся таму, што я сам пажадаў займацца гэтым. Звычайна валанцёраў актыўна шукаюць. 
Пасля года валанцёрства Валерыю прапанавалі накірунак рэабілітацыі людзей, якія ўжывалі наркотыкі. Гэтая праца доўжылася да мінулага года. А праз некаторы час юнаку даверылі стаць рэгіянальным каардынатарам маладзёжнай валанцёрскай праграмы. Паралельна ён займаўся стварэннем атрада па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі ў абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа. Падобныя атрады існавалі на той час толькі ў Віцебску, Мінску і Мінскай вобласці. Гродзенскі ў бягучым годзе адсвяткуе сваё пяцігоддзе. Такіх атрадаў у нашай вобласці было створана тры – у Гродне, Астраўцы і Ваўкавыску. 
Валерыю давялося прайсці некалькі стажыровак па-за межамі рэспублікі – пабываць на маштабных міжнародных вучэннях па надзвычайных сітуацыях у Літве, на навучанні ў Грузіі і Малдове. Міжнародныя акцыі і трэнінгі праводзяцца і ў нашай краіне, напрыклад, міжнародныя школы па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі. У іх звычайна прымаюць удзел звыш дзесяці замежных таварыстваў Чырвонага Крыжа і Паўмесяца.
– Сёння я працягваю працу з моладдзю і з’яўляюся спецыялістам па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі. Акрамя гэтага, удзельнічаю ў праекце супрацьдзеяння гандлю людзьмі, – расказвае Валерый. – Таксама навучаю насельніцтва аказваць першую дапамогу ў якасці інструктара. Групы з прадпрыемстваў і арганізацый горада і вобласці праходзяць у нас паўнавартаснае навучанне і па яго выніках атрымліваюць міжнародныя сертыфікаты. Што датычыцца пошуку прапаўшых без вестак, то мы актыўна дапамагаем дзяржаўным службам.


Падчас працы ў Чырвоным Крыжы сутыкацца даводзіцца з рознымі сітуацыямі. Валерый успамінае, як аднойчы дапамагалі чалавеку з Баку (Азербайджан), які служыў там у арміі яшчэ ў савецкі час. Ён даўно згубіў усе дакументы і апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Адна жанчына вырашыла дапамагчы і напісала ў сацыяльнай сетцы Інстаграм яго гісторыю. Гэты запіс заўважылі ў Гродзенскай абласной арганізацыі. Пачалася праца па пошуку родных мужчыны ў Беларусі. Праз некаторы час іх знайшлі.
На пытанне пра тое, якім павінен быць валанцёр, Валерый адказвае адразу, без роздуму – перш-наперш, зацікаўленым, гуманным чалавекам з уласнымі меркаваннямі і поглядам на жыццё.
Каля года таму Валерый разам з сябрамі стварыў музычны гурт пад назвай “Варта часу”. Рабяты граюць беларускамоўны ды акустычны фолк-рок. Палова песень напісана менавіта Валерыем.
– Першыя спробы пісаць вершы былі ў гімназіі. Адзін з іх нават перамог у раённым конкурсе і яго надрукавалі ў насценгазеце. Песні я пачаў пісаць у студэнцкія гады. Іх накірунак – фальклорна-фантазійны або гістарычны, – расказвае Валерый. – У нас задзейнічаны скрыпка, гітара, дарбука (невялічкі барабан) і розныя перкусійныя інструменты. Я выконваю партыі мужчынскага вакалу і пішу тэксты песень.
Гурт “Варта часу” адразу пасля стварэння прыняў удзел у  конкурсе “ByFest-2017”, дзе заняў другое месца. Рабяты выступалі і на фестывалі “Наш Грунвальд”, што ладзіцца на Міншчыне.
Напружаны тэмп працы патрабуе шмат часу, але Валерый проста спраўляецца з любымі сітуацыямі, бо ведае, што дома яго чакае любімая сям’я. Сваю жонку – Алену, Валерый сустрэў на працы ў Чырвоным Крыжы. Яна была валанцёрам, вучылася ў медыцынскім каледжы. У сям’і нарадзіліся дзве дачушкі – Яраслава і Алеся. Трохгадовую Яраславу бацька ўжо вучыць беларускай мове – разам яны гартаюць старонкі беларускамоўных кніжак і вывучаюць новыя словы.
– Хачу сказаць вялікі дзякуй сваім бацькам за выхаванне і падтрымку праз усё жыццё. Сям’я ў самым шырокім сэнсе – гэта апора і надзея кожнага чалавека, – разважае Валерый. – Я заўсёды буду ўдзячны маці і бацьку за любоў і жыццёвую навуку.
Паездкі ў Шчучын дораць Валерыю не толькі цёплыя ўспаміны пра школьныя гады, але і прыемныя сустрэчы з настаўнікамі і сябрамі. Спадабаўся родны для бацькі горад і маленькай Яраславе. А Валерый абяцае, што разам з гуртом “Варта часу” яны аднойчы завітаюць і ў Шчучын.


Юлія ЦІМАШЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!