Сельскі бізнес: магазін ”Верасок” адчыніўся ў вёсцы Валянчыцы

У другі дзень кастрычніка магазін ”Верасок”, што ў вёсцы Валянчыцы, справіў сціплыя імяніны: роўна месяц таму ён адчыніў дзверы для пакупнікоў. Падзея адметная яшчэ і тым, што гэта першая спроба заняцца бізнесам для Вольгі Мыцко – мнагадзетнай мамы з аграгарадка Ракавічы. 

У сваю справу пайшлі... подбегам
У вёсцы Валянчыцы доўгі час працаваў адзіны магазін спажывецкай кааперацыі. Дарэчы, у гэтым самым будынку, дзе цяпер размясціўся ”Верасок”. Калі сельпоўская крама зачынілася, вяскоўцаў абслугоўвала аўталаўка. Але мясцовы люд не захацеў адмаўляцца ад звыклага камфорту – у любы момант набыць неабходны тавар. Сваю просьбу – аднавіць работу магазіна – вяскоўцы адрасавалі ўладзе. Чыноўнікі прыехалі ў Валянчыцы, расказалі жыхарам пра сітуацыю з гандлёвым абслугоўваннем і агучылі пытанне-прапанову: ”А можа хтосьці з вас захоча ўзяць магазін у арэнду і распачаць уласны бізнес?”. Як потым аказалася, зацікавілася некалькі чалавек. Але ўменнем хутка прымаць рашэнне вызначылася сям’я з суседніх Ракавічаў.


– Калі ішла размова пра далейшы лёс магазіна, я выпадкова аказаўся непадалёку, – расказвае Сяргей Міхайлавіч Міхайлаў. – Паслухаў, дома жонцы Вользе пераказаў. І мы адразу вырашылі: паспрабуем! 
– Пачула я навіну ў пятніцу, – дапаўняе Вольга Віктараўна Мыцко. – Назаўтра была рабочая субота, мы паехалі ў Шчучын, дзе я аформіла індывідуальнае прадпрымальніцтва. А ўжо ў панядзелак падпісала ў раённым філіяле аблспажыўтаварыства дакументы на арэнду памяшкання магазіна.
Такі крок Сяргея і Вольгі хоць і падаваўся з боку паспешным, але меў пад сабой трывалую аснову. Справа ў тым, што 37-гадовая гаспадыня дома даўно з гандлем на “ты”: больш за 15 год адпрацавала ў магазінах спажыўкааперацыі, а таксама ў прыватных. 


– І ў Валянчыцах некалі стаяла за прылаўкам: стажыроўку і практыку праходзіла, – усміхаецца жанчына. – Потым маім месцам працы былі лаўка на даму ў Лагадах, крамы ў Бабічах, Крупаве, Ракавічах, пасёлку Ражанка... Так што вопыту дастаткова: і з таварам, і з накладнымі працаваць умею.
Пасля афармлення Вольгай прадпрымальніцтва сям’я адразу ж узялася за абуладкаванне крамы. Кіраваў працэсам Сяргей Міхайлавіч. Балазе чалавек ён масцеравы: за жыццё шмат якія спецыяльнасці асвоіў. Аднолькава спрытна трымае ў руках пэндзаль і кельму, малаток і руль аўтамабіля. Муж і жонка пафарбавалі столь і падлогу, набылі і ўстанавілі халадзільнікі і маразільныя лары, стэлажы і паліцы, заключылі дамовы на пастаўку прадукцыі.
Галоўны арыенцір – патрэбы пакупніка
Вывешваць расцяжку “Мы адкрыліся!” новым гаспадарам крамы не спатрэбілася. Вясковы ”тэлефон даверу” разаслаў вестку ва ўсе дамы і па ваколіцах. І сёння людзі рады, што ў любы час могуць набыць неабходнае да свайго стала. Задаволены і абслугоўваннем.


– Для нас важна, што магазін працуе, – запэўнівае пакупніца Зоя Іванаўна Плаўская. – Усё, што трэба, тут ёсць. І прадаўцы вельмі ветлівыя.
Гаспадыня ”маладой” прадуктовай крамы ўжо наладзіла цесныя стасункі з рознымі вытворцамі: хлеб прывозяць з Ліды і Мастоў, малочныя прадукты – з “Молочного мира”, цукеркі – з ”Бакалеі”, каўбасы – са Скідаля і Брэста. Пашыраецца геаграфія паставак, а значыць, і асартымент. У планах В.В. Мыцко – гандаль агароднінай і садавіной, асобнымі прамысловымі таварамі. А каб прывабіць пакупнікоў, цэны на прадукцыю ў “Вераску” не задзіраюць. Відаць, таму жыхары Ракавічаў, дзе жыве сям’я, называюць іх новы магазін ”Еўраоптам”. Ахвотна спыняюцца ля крамы, якая стаіць пры дарозе і мае зручны графік работы – з васьмі гадзін раніцы да васьмі вечара, без перапынку на абед і без выхадных, і праезджыя аўтамабілісты. Заходзяць пасажыры маршрутнага аўтобуса, забягаюць школьнікі. Таму прадукцыя на прылаўках не залежваецца. І калі Вольга Віктараўна робіць чарговы заказ на тую ж бакалею, таваразнаўцы, здзіўленыя аб’ёмамі, пытаюцца: ”У вас там што – аграгарадок?”.
Ёсць пачатак – будзе і працяг
Дарэчы, у ”Вераску” (назву знарок далі сугучную з вераснем – месяцам, калі крама адчыніла дзверы) былі створаны новыя рабочыя месцы: за прылавак сталі дзве сваячкі. З дадатковых плюсаў для пачаткоўцаў-прыватнікаў і льготнае падаткаабкладанне ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам №345.
Вольга Віктараўна і Сяргей Міхайлавіч спадзяюцца, што ў іх усё атрымаецца, і гандлёвая справа стане сямейнай надоўга. Самі яшчэ маладыя, ды і перадаць будзе каму – чацвёра дзетак падрастаюць. Муж і жонка прызнаюцца, што раней падумвалі, каб перабрацца ў горад. А цяпер змянілі рашэнне: захацелася пусціць карані на бацькаўшчыне. Дарэчы, Вольга родам з суседніх Балотнікаў. А Сяргею, які з’явіўся на свет на ст. Ражанка, лёсам было наканавана пражыць многа год у Чабаксарах, папрацаваць у Маскве, а сем год таму вярнуцца на малую радзіму, закахацца і ажаніцца. Такая вось гісторыя.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

Кампетэнтна
Аляксей Валянцінавіч 
САДОЎСКІ, 

намеснік старшыні 
Шчучынскага райвыканкама:

– Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22.09.2017 г. №345 “Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання” ўстаноўлены беспрэцэдэнтныя льготы для суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, грамадскае харчаванне і бытавое абслугоўванне на тэрыторыі сельскай мясцовасці.
Для юрыдычных асоб і індыві­дуальных прадпрымальнікаў з 1 студзеня 2018 года па 31 снежня 2022 года прадугледжаны асобы рэжым падаткаабкладання ў сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. Суб’екты гаспадарання таксама могуць набыць аб’екты нерухомасці, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, на платнай аснове без правядзення аўкцыёну па рыначным кошце.
Яшчэ адна важная льгота для сельскіх бізнесменаў: з 1 студзеня 2018 года ўсе суб’екты гаспадарання могуць ажыццяўляць рознічны гандаль алкагольнымі напіткамі ў магазінах і (ці) павільёнах, размешчаных на тэрыторыі сельскай мясцовасці, незалежна ад іх гандлёвай плошчы. Юрыдычныя асобы маюць права, пры ўмове захавання ўзгодненых з райвыканкамам маршрутаў руху і асартыментнага пераліку, ажыццяўляць рознічны гандаль алкагольнымі напіткамі ў аўтамагазінах незалежна ад наяўнасці ў гэтай юрыдычнай асобы магазіна (або) павільёна.
Дзеянне Указа №345 дало новы штуршок развіццю гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання на тэрыторыі раёна. Так, ільготай у падаткаабкладанні ў адпаведнасці з Указам ужо скарысталіся 14 ІП і 1 суб’ект малога бізнесу. Будынкі былых магазінаў, размешчаных у сельскай мясцовасці, прапаноўваюцца Шчучынскім філіялам аблспажыўтаварыства ў арэнду за сімвалічную плату ад 1 да 3 базавых велічынь.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!