Сцяжынкамі памяці

Закончыўся яшчэ адзін навучальны год, адзвінеў апошні званок, здадзены экзамены. Прыйшло лета – пара адпачынку, пара падарожжаў і паходаў.
Паход для вучняў – цудоўная магчымасць адпачыць, даведацца нешта новае, набыць вопыт адносін з соцыумам. Цікавыя мясціны, якія чалавеку даводзіцца наведваць, застаюцца ў нашым сэрцы назаўсёды.
Асаблівую пяшчоту мы адчуваем да мясцін, дзе нарадзіліся і выраслі, дзе даведаліся шмат новага пра свой край, яго гісторыю. Гісторыя сваёй радзімы, Беларусі, а таксама сваёй роднай Шчучыншчыны важная і блізкая нашай моладзі. Аб гэтым сведчыць жаданне выпускнікоў 9,11 класаў ДУА “НПК Навадворскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” адправіцца ў аднадзённы паход да мемарыяльнага комплексу “Зінякі”, дзе яны ўшанавалі памяць загінулых і ўсклалі кветкі.
– Нам ёсць чым ганарыцца, – заўважае выпускніца Юлія Хваль. – На Шчучыншчыне многа прыгожых мясцін, архітэктурных і культурных помнікаў, тут жывуць і працуюць гасцінныя, добразычлівыя людзі. Мы, моладзь, павінны памятаць пра подзвіг нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя людзі аддалі сваё жыццё ў імя таго, каб сённяшні дзень быў у нас.
– Мы не толькі ўшанавалі памяць землякоў, але і праверылі сваю вынослівасць. Паход даказаў, што ў нас дружная і згуртаваная каманда, – заўважыла Аляксандра Жук, сёлетняя выпускніца.
Дзень паходу пакінуў прыемныя і яркія ўспаміны, падараваў цудоўны настрой і незабыўныя эмоцыі, бо ўражанні ад таго, што бачыш сам, выхоўваюць найлепш. І зусім не трэба ехаць кудысьці далёка, каб нешта пабачыць: роднае наваколле зачароўвала сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, садзейнічала добраму самаадчуванню і адпачынку.
Таццяна МІСЕВІЧ, Люцыяна ЯСЮКЕВІЧ, педагогі ДУА “НПК Навадворскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Фота аўтараў.