Самая буйная аглядальная пляцоўка Беларусі пачала працаваць ў Гродне

Напярэдадні Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне пачала працаваць самая буйная аглядальная пляцоўка Беларусі.
Знаходзіцца гэты ўнікальны аб’ект на даху гандлёвага дома «Нёман» на вуліцы Савецкай у гістарычнай частцы Гродна.
Дарэчы, упершыню яна пачала дзейнічаць якраз перад папярэднім фестывалем. Тады за тры дні сюды завіталі каля 9 тысяч чалавек.
Сёлетні летні сезон — пяты па ліку. Пляцоўка працуе толькі ў цёплы перыяд, зімой яна зачыняецца. Трапіць на пяты паверх будынка можна па лесвіцы альбо на ліфце са шкляной сцяной, што таксама стварае дапаўняльны эмацыянальны эфект. Гэта месца — выдатная магчымасць паназіраць за горадам з вышыні птушынага палёту. Многія прыходзяць, каб правесці фотасесію ці зрабіць сэлфі. Наведванне бясплатнае.
Прыемны антураж стварае лаўнж-кафэ «Крыша міра», якое размясцілася ў цэнтры пляцоўкі. Спакойная ўтульная атмасфера прыцягвае сюды як гродзенцаў, так і гасцей горада. Дарэчы, такога роду аглядальная пляцоўка — адзіная сярод абласцей і самая вялікая ў рэспубліцы. Менавіта адсюль многія любяць назіраць за тэатралізваным фестывальным шэсцем, якое праходзіць якраз пад сценамі будынка. Дарэчы, сёлета гэта яскравая падзея адбудзецца 3 чэрвеня, у 20 гадзін, у першы дзень вялікага форуму.
Працуе аглядальная пляцоўка, як і лаўнж-кафэ, штодзень — з 12 да 23 гадзін.