Сакрэт шчасця сям'і Кунцэвіч

Не паспелі мы са старшынёй Жалудоцкага сельвыканкама Генадзіем Іванавічам Цывінскім пераступіць парог гэтага гасціннага дома, як адразу ў адно імгненне пазнаёміліся з усімі яго юнымі насельнікамі.

– Мяне завуць Мілана, а я – Рэната, – наперабой, амаль у адзін голас паведамілі дзяўчынкі. 
Хлопчыкі – старэйшыя, таму, як і належыць мужчынам, былі больш стрыманымі: “Ваня і Дзіма”. І самым маленькім членам гэтай дружнай сям’і аказаўся трохгадовы Алежка – вясёлы і жыццярадасны непаседа. 
– Ірына Іванаўна і Сяргей Рыгоравіч Кунцэвічы – адны з нямногіх маладых людзей, якія некалі не паехалі шукаць лёгкага жыцця ў горадзе, а засталіся на сваёй малой радзіме, – расказвае Генадзій Іванавіч. – Адрамантавалі бацькоўскі дом Ірыны і аселі тут назаўсёды.
Мнагадзетныя бацькі Ірына і Сяргей, па ўсім відаць, не нарадуюцца на сваіх дзетак, якія ў іх такія прыгожыя, здольныя і добразычлівыя. Самы маленькі Алежка – агульны любімец. Так здарылася, што ён застаўся без апекі бацькоў, і калі дзіцяці было толькі тры месяцы ў яго з’явілася новая сям’я. Цяпер ён іх, родны…
– Тут я нарадзілася, закончыла Жалудоцкую СШ, а потым паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча, – расказвае Ірына Іванаўна. – І з мужам сваім я тут пазнаёмілася, хоць ён пасля заканчэння Жалудоцкага медвучылішча адслужыў у арміі і працаваў на станцыі хуткай дапамогі ў Гродне. Мае бацькі папрасілі Сяргея, які прыехаў дамоў пагасціць, сустрэць мяне з цягніка. Вось і сустрэў. Як аказалася, на ўсё жыццё. 
Ірына і Сяргей жывуць разам ужо 14 год.
– А пажаніліся мы праз месяц пасля майго выпуску ў вучылішчы, – расказвае Ірына. – Я прыехала працаваць у родную школу піянерважатай. Затым выкладала гісторыю і геаграфію. Паралельна вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы на факультэце гісторыі і сацыялогіі. А пасля другога водпуску па доглядзе дзіцяці перавялася ў Орлеўскі дз/с-СШ педагогам сацыяльным, а затым стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. А Сяргей уладкаваўся на працу вадзіцелем у філіяле “Жалудоцкі агракомплекс”.
Пакуль мы размаўлялі з дарослымі, дзетвара, нібы ў мурашніку, курсіравала з аднаго пакоя ў другі. 
– Як вы з імі спраўляецеся? – цікаўлюся ў мнагадзетнай матулі.
– Мы ўжо прывыклі, – смяецца Ірына. – Стараемся прывучаць нашых дзяцей да парадку. Яны самі ўбіраюць у сваіх пакоях, а я толькі карэкцірую. У іх ёсць свае, хай невялікія, але абавязкі. Трое дзетак – Дзіма, Ваня і Мілана ўжо школьнікі, яны добра вучацца. А Рэната і Алег ходзяць у дзіцячы садок. Я займаюся не толькі домам, але і сваім магазінам, які адкрыла ў будынку былога Дома быту ў Жалудку. Там прадаю касметыку, парфюмерыю і адзенне беларускіх вытворцаў, у тым ліку гродзенскіх фабрык. 
Аднак Ірына Іванаўна гэтым не абмяжоўваецца. Яна паспявае яшчэ і даглядаць экзатычную хатнюю гаспадарку, дзе выдатна ўжываюцца розныя пароды курэй, фазаны, перапёлкі, цацаркі – цэлае птушынае царства, а таксама дзве каровы і каза.
– Канечне, больш там працуе муж, а яшчэ бацькі дапамагаюць, – гаворыць Ірына. – У нас жывуць фазаны трох парод – алмазныя, сярэбраныя і дзве румынскія самкі. А пачыналі мы з перапёлак, якіх расцілі ў скрыні ў кладоўцы. У іх вельмі карыснае яйка і дыетычнае мяса. Фазаны яшчэ зусім маладыя, летам ім будзе толькі год. Аднаго дзеці выпусцілі, мы яго так і не злавілі. Плануем завесці паўлінаў. Толькі для іх неабходны вялікія вальеры, каб яны маглі распускаць свой хвост. Два вальеры для фазанаў муж ужо пабудаваў, на чарзе – жыллё для паўлінаў. Набывалі мы сваю птушку праз інтэрнэт, там жа і шукаем парады, як яе даглядаць. Кормім у асноўным зернем і камбікормам. Увогуле, вырашылі развесці гэту жыўнасць для дзяцей, каб яны бачылі такую прыгажосць, вучыліся даглядаць і адчувалі сваю адказнасць. Дарэчы, калі ў нас жылі трусы, у адказе за іх быў Ваня.
Ірына і Сяргей стараюцца больш часу праводзіць з дзецьмі. Разам глядзяць фільмы і мульцікі, чытаюць, гатуюць. А цяпер усёй сям’ёй могуць накіравацца і ў падарожжа – нядаўна набылі мікрааўтобус, у якім цяпер хапае месца для ўсіх.
У дзетак, якія растуць у гэтай сям’і, – шчаслівыя вочкі. У іх ёсць самае галоўнае – бацькоўская любоў, якую яны вельмі добра адчуваюць. Адчулі гэта і мы…
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.