Ружы для Веранікі, або Калі сусед – вядомы спявак

Невялікая вёсачка Старыя Васілішкі ўжо даўно стала адным з самых улюбёных месцаў для турыстаў з усяго свету. Менавіта сюды штогод з’язджаюцца аматары музыкі сусветна вядомага спевака Чэслава Немэна. Дом сям’і Выджыцкіх з цеплынёй сустракае гасцей. Загадвае клубам-музеем Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта – чалавек сціплы, добразычлівы і цікаўны да ўсяго, што звязана з жыццём куміра. А калі выдасца так, што яго няма на месцы – госці шпацыруюць да дому, што амаль насупраць, дзе жыве Вераніка Станіславаўна Маркевіч. Пра былога суседа яна можа распавядаць гадзінамі, таму што рос Чэсік у яе на вачах. Яна дала інтэрв’ю шматлікім беларускім і замежным СМІ, стала адной з гераінь фільма пра знакамітага земляка. Яе голас гучаў у многіх тэле- і радыё перадачах. Аднак і пра сваё жыццё гэтай каларытнай жанчыне ёсць што расказаць.

 

Вераніка Станіславаўна сустрэла нас па-шляхецку, прывіталася, запрасіла на каву. Адразу і не скажаш, што гэтай мілавіднай жвавай жанчыне 90 гадоў. У яе цудоўная памяць, яна перачытала ўсе кнігі з мясцовай бібліятэкі. Яе жыццёвая гісторыя цесна пераплятаецца з гісторыяй Старых Васілішак і самім Чэславам Немэнам. 

 

…Светлы пакой ураз напоўніўся водарам кавы і… кветак. З нагоды нядаўняга юбілею паштоўкі і кветкі прыходзяць з усяго свету. 

 

 – Нядаўна прыехала нейкая маладая жанчына, спытала: “ Ці Вы Вераніка Маркевіч?”. Я кіўнула галавой, а жанчына працягнула мне букет чырвоных ружаў, маўляў, кветкі – для Веранікі. Я па сённяшні дзень не ведаю, ад каго гэтыя ружы, але вельмі імі даражу…

 

 

Вераніка Маркевіч з тутэйшых. Тут, у Старых Васілішках, жылі яе продкі. Нялёгкім выдаўся лёс гэтай жанчыны. Вераніка паспела скончыць толькі 4 класы польскай школы, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Хай сабе і мінула шмат гадоў з той жудаснай трагедыі, аднак успаміны трывожаць памяць і сёння.

 

 – Праз нашу вёску часта пераганялі палонных, – расказвае Вераніка Станіславаўна. – Жудасна было глядзець, як немцы крычалі на іх, білі прыкладамі аўтаматаў. Шкада было мясцовым жанчынам тых бедных зняволеных, аднак немцы не дазвалялі карміць іх. Мы з мамай і іншымі жанчынамі ўпотай клалі яблыкі, хлеб, моркву на зямлю, і палонныя маглі падняць тую, хай сабе і сціплую, ежу. Людзі дзяліліся тым, што мелі…А яшчэ памятаю, як аднойчы немцы спынілі калону палонных, а самі зайшлі на суседні падворак, на якім заўважылі студню. Немцы распрануліся і мыліся прама на вуліцы сцюдзёнай вадой, а мы так баяліся, каб яны не зайшлі да нас… 

 

Вайна не прамінула дом нашай гераіні. На фронт пайшоў бацька Веранікі – Станіслаў, аднак хутка вярнуўся з-за хваробы. А затым яго не стала… Маці засталася з дваімі дзецьмі на руках і вялікай гаспадаркай. 

 

– Трымалі кароў, каня, мелі 8 гектараў зямлі, – расказвае Вераніка Станіславаўна. – Працавала і мама, і мы, і бабуля. Цяжка было, аднак з усім справіліся. Пасля вайны Вераніка яшчэ год пахадзіла ў школу і была вымушана завяршыць вучобу.

 

 – Найсмутней было, калі мама ў школу не пусціла, – успамінае дзіцячыя крыўды жанчына. – Але ў гаспадарцы лішніх рук не бывае. Адно толькі выратоўвала – я шмат чытала. Залезу на печ з газоўкай і чытаю. Мама прачнецца ноччу, крычыць, спаць гоніць, маўляў, Вэрця, усіх кніг не перачытаеш! А я чытала і чытала. Зараз зрок падводзіць, але гэты занятак не кідаю. Адно толькі шыць болей не магу – нітку складана ў вушка завесці, а раней усю вёску абшывала! А яшчэ ўсё жыццё вязала, ткала, гатавала добра. І цяпер майго гусака любяць і дзеці, і ўнукі. У свой час вазіла па 5 гусакоў у… Рыгу на базар, а некаторыя нашы васілішкаўцы нават ганялі тых гусакоў пешшу на Літву. Усё жыццё працавала ў калгасе на розных пасадах. Разам з мужам Антонам выхавалі траіх дзетак, у жыццё выпусцілі. Мой гонар – 5 унукаў і 5 праўнукаў! 
Аказалася, што ёсць у нашай гераіні і яшчэ адно захапленне – музыка. Раней спявалі ў Старых Васілішкай бадай усе. Гэта было нейкай адметнай рысай вёскі. Тут меўся сельскі духавы аркестр, у якім выступалі бацька і дзядзька Чэслава Немэна, касцельны хор і нават музычная група, дзе спявала наша гераіня. 

 

 – Танцы, спевы – гэта самыя яркія ўспаміны, – гаворыць Вераніка Станіславаўна. – У маладосці ўсё добра было. Нас, васілішкаўскіх дзяўчат, называлі інтэлігенцыяй, на ўсе забавы клікалі. А мы як зачнем песні спяваць… 

 

Цікаўлюся, якім Вераніка Станіславаўна памятае Чэслава Выджыцкага? Мая суразмоўца была лепшай сяброўкай старэйшай сястры музыканта Ядвігі. 

 

 – Нам абедзвюм было па 10 гадоў, калі Чэсік нарадзіўся, рос ён на нашых вачах, мы яго гадавалі. Памятаю, мама Ядвігі – цётка Ганна – пакінула нам калыску з малым і папрасіла папільнаваць, каб не плакаў. Сама ж пайшла на агарод. А мы, што – дзеці! Надакучыла качаць і давай тую калыску адна да адной па чарзе пускаць. А яна ўзяла і перакулілася, Чэсік выпаў… Мы спалохаліся не на жарт. Кажу Ядзі: “Трымай вазок, а я малога назад пакладу”. Так і зрабілі, а цётцы Ганне нічога не сказалі…

 

 

Вераніка Станіславаўна распавяла, што Чэслаў Выджыцкі рос “звычайным, простым хлопцам”, быў вельмі музычным і ўжо ў 4 гады падбіраў мелодыі.

 

 – А якія Чэсік пісаў прыгожыя вершы! – кажа Вераніка Станіславаўна. – Нешта было ў ім такое незвычайнае… Бывае, напіша верш, сядзе за піянінка і праз некалькі хвілін песню зробіць. І так хораша ў яго гэта ўсё атрымлівалася. Мы тады не ведалі, што наш зямляк стане такім вядомым музыкантам. А яшчэ Чэслаў граў на акардэоне на ўсіх святах і выступаў у мясцовым клубе. Яго нават на вяселлі музыкантам запрашалі і фатографам. Фатаграфаваць ён вельмі любіў. У яго было адметнае бачанне фатаграфіі. Фатакартачкі рабіў сам на “сальцы” – верхнім паверсе дома, дзе затым і жыў. Аднойчы я разам з яго сястрой трапіла ў той пакойчык. Памятаю, што ўсюды былі здымкі, плёнкі… Уразіла і вялізнае акно, праз якое адкрываўся цудоўны від на вёску. 

 

Вераніка Станіславаўна расказвала, як Чэслаў Немэн на танцы хадзіў, але ўсё больш у суседнія Васілішкі, і вяртаўся назад з пеўнямі. Часам, танцы ладзіліся і ў доме Выджыцкіх. Памятае наша суразмоўца і як Чэсік закахаўся і ўпотай ад бацькоў узяў шлюб з Марысяй. 

 

Адметна, што калі Чэслаў Немэн стаў знакамітым, не цураўся сваёй малой радзімы, стараўся бываць у роднай вёсцы. Часам прыязджаў ноччу і ад’язджаў на ранку…Успомніла Вераніка Станіславаўна выпадак, калі падчас маскоўскіх гастроляў у Чэслава былі суткі на адпачынак і ён прыехаў у Старыя Васілішкі на дзве гадзіны, “пагаварыў з аднавяскоўцамі, паабдымаўся з моладдзю”, прайшоўся па родных мясцінах… Пра таленавітага земляка Вераніка Станіславаўна Маркевіч за кубачкам кавы расказвала доўга і шчыра. Ён стаў для яе нечым большым, чым проста сусед. У яе успамінах – ён усё той жа свой, мясцовы, просты хлопец, песні якога яна ведае і спявае, песні якога кранаюць кожнага… 

 

 

 – Калі ў клуб-музей прыязджаюць наведвальнікі, часта спяшаюцца да мяне, каб пагутарыць, а я толькі рада гасцям, – гаворыць Вераніка Станіславаўна.

 

Не зарастае сцежка да хаты Чэслава Немэна. У клубе-музеі ўжо пабывалі прыхільнікі яго музыкі не толькі з Беларусі, але і Расіі, Польшчы, Украіны, Казахстана, Літвы, Арменіі, краін Заходняй Еўропы, Канады, ЗША, Аўстраліі, Індыі, Шры-Ланкі, Камеруна…

 

 

 – З улікам таго, што Шчучынскі раён увайшоў у бязвізавую зону, спадзяёмся, што гасцей стане яшчэ болей, – перакананы У.У. Сянюта. – Я рад і далей знаёміць усіх з жыццём і творчасцю музыканта. У гэтым мне дапаможа і Вераніка Станіславаўна Маркевіч, якая заўсёды можа ўспомніць штосьці цікавае і адметнае з жыцця Чэслава Немэна. 

 

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і з архіва клуба-музея.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!