Ружовыя вобразы Ражанкі: у школе ўшанавалі беларускую жанчыну

У мінулую пятніцу, напярэдадні самага пяшчотнага вясновага свята – Міжнароднага жаночага дня, у Ражанкаўскай сярэдняй школе імя Г.К. Хрыптовіча панавала незвычайная, сапраўды ўрачыстая атмасфера. Тут адбылося адкрыццё выставы з красамоўнай назвай «Ружовыя вобразы жанчын з мястэчка Ражанка».
Са словамі віншавання да прысутных звярнулася дырэктар школы Аліна Цывінская.
– Нездарма гэтая выстава адкрываецца ў нашай школе менавіта ў Год беларускай жанчыны, – адзначыла кіраўнік установы адукацыі. – Беларуская жанчына здаўна з’яўляецца апорай сям’і, залогам цэласнасці і вытрымкі нашай культуры і духоўнай сілы. Гэтая выстава – наш сціплы, але шчыры падарунак і вялікая падзяка ўсім беларускім жанчынам за іх любоў, цярпенне і радасць, якімі яны штодня асвятляюць наша жыццё.

Ключавой падзеяй дня стала, несумненна, адкрыццё экспазіцыі. На выставе прадстаўлены фотаздымкі, якія ствараюць сапраўдны партрэт сучасніцы. Гледачы ўбачылі светлыя вобразы настаўніц школы, іх сясцёр, а таксама матуль навучэнцаў. Кожны з іх – гэта гісторыя пра сапраўдных беларускіх жанчын, такіх жа моцных, прыгожых і таленавітых, як сама зямля, на якой яны жывуць.



Цёплую атмасферу свята дапамаглі стварыць вучні школы. Юнакі прачыталі кранальныя вершы, прысвечаныя прыгажосці, мудрасці і дабрыні, а музычны падарунак у выкананні настаўніц Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў сапраўды упрыгожыў вечар. Кульмінацыяй стала ўручэнне кветак – як сімвала ўвагі, захаплення і шчырай падзякі ўсім прысутным жанчынам.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства госці і ўдзельнікі былі запрошаны ў актавую залу, дзе для іх працягнуўся святочны канцэрт. Арганізатары яшчэ раз падкрэслілі: жанчына – гэта не проста слова, гэта душа і сіла, якая натхняе на добрыя справы і новыя здзяйсненні.
Анастасія КІМАН.
