Роль масмедыя ў выбарчай кампаніі і многія іншыя актуальныя пытанні абмяркоўваліся падчас нядаўняга форуму, арганізаванага ФПБ

Не трэба заставацца ў баку ад важнай грамадска-палітычнай падзеі – парламенцкіх выбараў. Сёння ў кожнага чалавека ёсць магчымасць паўплываць на тое, хто будзе абраны ў новы склад парламента, а значыць, вызначаць сваё і краіны будучае. 

 

Аб гэтым гаварыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі М.С. Орда падчас нядаўняга форуму з удзелам каля 150 прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ, арганізаванага ФПБ пры падтрымцы міністэрства інфармацыі і прысвечанага ролі масмедыя ў фарміраванні грамадскай думкі па пытаннях выбарчай кампаніі. 
Цікавасць прафсаюзаў да гэтай актуальнай тэмы зразумелая.

 

 

– Мы прымаем удзел у гэтай выбарчай кампаніі на ўсіх этапах: ад накіравання сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій да падтрымкі кандыдытаў з ліку прафсаюзнага актыву, – падкрэсліў лідар нацыянальнага прафцэнтра. – Мы зацікаўлены ў тым, каб працэс быў адкрытым.

 

У пацвярджэнне сваіх слоў М.С. Орда назваў некалькі лічбаў. Так, у склад тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій увайшлі 283 прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў, а гэта, лічы, трэцяя частка ад агульнай колькасці ўсіх прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Амаль 9 тысяч прафсаюзных актывістаў – у складзе ўчастковых камісій. Сярод усіх грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый прадстаўніцтва прафсаюзаў у гэтых камісіях з’яўляецца найбольшым. Таксама акрэдытавана амаль тысяча назіральнікаў ад прафсаюзаў і чакаецца, што іх будзе ў разы больш, што дазволіць забяспечыць транспарэнтнасць і адкрытасць выбарчай кампаніі. Каб назіранне за ходам галасавання прыходзіла якасна, нацыянальны прафцэнтр падрыхтаваў для гэтых людзей памятку, дзе ўтрымліваюцца асновы выбарчага заканадаўства. Акрамя гэтага, 10 кіраўнікоў прафсаюзных арганізацый рознага ўзроўню зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Сёння вельмі важна быць у працэсе заканатворчасці: лепш прымаць удзел на этапе падрыхтоўкі законаў, чым потым штосьці аспрэчваць, слушна заўважыў М.С. Орда.

 

Першы намеснік міністра інфармацыі П.М. Лёгкі, звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, арыентаваў іх на забеспячэнне роўных умоў для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты, быць максімальна аб’ектыўнымі і дакладнымі ў пытаннях захавання заканадаўства. Адзначыў ён і тое, што СМІ маюць магчымасць данесці да кожнага жыхара краіны, наколькі важна паўдзельнічаць у выбарчым працэсе.

 

 

Журналісты абмеркавалі на форуме пытанні падрыхтоўкі матэрыялаў выбарчай тэматыкі, прававыя аспекты асвятлення выбарчай кампаніі, а таксама актуальныя сацыяльныя тэмы.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!