Родная школа сваіх "арлянят" адпраўляе ў палёт!
Душэўна, урачыста і па-сямейнаму цёпла прайшло свята апошняга званка ў Орлеўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Прыгожыя і крышачку сумныя выпускнікі, гордыя за сваіх сыноў і дачушак бацькі – надышоў дзень развітання з роднай школай.
На ўрачыстую лінейку запрашаюцца самыя галоўныя яе ўдзельнікі – вучні 11 класа. У суправаджэнні класнага кіраўніка Вольгі Мар'янаўны Эйсмант і першай настаўніцы Алены Антонаўны Жлабо яны, ужо зусім дарослыя, займаюць самае пачэснае месца. Сярод гэтых рабят – пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі "Залатая шайба" 2017, 2018, 2019 гадоў, пераможцы розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, розных конкурсаў і канферэнцый. Сёлета родную школу пакідаюць прадстаўнікі легендарнай хакейнай каманды "Арляняты".
Права падняць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь атрымалі вучні 11 класа Паліна Шкляр і Арцём Масталавіца. Пад гімн Рэспублікі Беларусь, які выконвае ўся школа, высока ўгару ўздымаецца сцяг нашай краіны.
З асобай місіяй на лінейку ў Орлеўскі дз/с-СШ прыехаў старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі.
– Дарагія выпускнікі, – звярнуўся да рабят Аляксей Валянцінавіч. – Віншую вас са святам апошняга школьнага званка. Вам прадстаяць няпростыя іспыты: і школьныя экзамены, і цэнтралізаванае тэсціраванне. Наперадзе – паступленне. Хачу пажадаць вам заўсёды быць мэтанакіраванымі, помніць сваю родную школу, паважаць бацькоў і любіць сваю краіну – нашу родную Беларусь.. Асобыя словы падзякі сёння хачу выказаць хакеістам за той брэнд непераможных "арлянят", які яны стварылі не толькі для сваёй школы, але і для ўсяго нашага раёна. Вы столькі зрабілі для сваёй малой радзімы! Спадзяюся і пакаленне, якое прыйдзе вам на змену, дасягне такіх жа вынікаў. Паважаныя выпускнікі, і ў жыцці, як і ў хакеі, атрымлівайце перамогі, заўсёды імкніцеся да лепшага, тварыце дабро і ўсё ў вас абавязкова атрымаецца!
Аляксей Валянцінавіч уручыў падзякі ад Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта і падарункі выпускнікам-хакеістам. За поспехі, якіх яны дасягнулі ў спорце, за актыўны ўдзел у абласных і рэспубліканскіх чэмпіянатах па хакеі, за смеласць і настойлівасць у дасягненні мэты, за волю да перамогі і ўменне знаходзіць правільнае рашэнне ўзнагароды атрымалі Арцём Масталавіца, Аляксей Рымко, Аляксей Шэршань, Аляксандр Шчука, Арцём Прускі, Захар Цывінскі і Павел Каўко,
З заканчэннем навучальнага года павіншавала рабят, іх бацькоў і педагогаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мецько. Рабятам – пераможцам раённага этапу алімпіяд, а таксама розных конкурсаў яна ўручыла заслужаныя граматы.
Шчаслівых канікулаў ўсім рабятам, а поспехаў выпускнікам пажадаў старшыня Орлеўскага сельвыканкама Андрэй Георгіевіч Шэршань.
Шчыра і пранікнёна гучалі словы на дарогу ад дырэктара ўстановы адукацыі Уладзіміра Уладзіміравіча Хэлскага, які праводзіў ў дарослае жыццё сваіх выхаванцаў-хакеістаў:
– Такія выпускі, як гэты, што сёлета пакідае школу, бываюць у нас нячаста. Гэта вельмі мэтанакіраваныя юнакі, якія заўсёды імкнуліся да перамогі, ставілі перад сабой высокія мэты і дасягалі іх. На іх раўняліся і дзяўчаты, якія тры гады запар па гульнявых відах спорту – валейболе, баскетболе і стрытболе – займалі першыя і другія месцы. Гэтыя рабяты выдатна падрыхтаваны спартыўна, у іх глыбокія веды, за што вялікі дзякуй нашым педагогам. Жадаю вам быць заўсёды адзінымі, любіць сваю радзіму, ва ўсім быць першымі, каб змаглі праславіць наш орлеўскі край далёка за межамі нашай краіны.
Загад аб допуску да экзаменаў зачытала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Галіна Антонаўна Жлаба. Яна павіншавала і дзевяцікласнікаў, у якіх таксама свята – сёлета яны здаюць першыя ў іх жыцці экзамены.
Да сваіх старэйшых сяброў звярнуліся малышы і паабяцалі быць дастойнымі пераемнікамі старшакласнікаў і добра вучыцца.
Словы на дарогу падрыхтавалі для сваіх вучняў класны кіраўнік Вольга Мар'янаўна Эйсмант і першая настаўніца Алена Антонаўна Жлабо. Ад імя ўсіх бацькоў звярнулася да рабят Вольга Уладзіміраўна Шкляр.
Развітваючыся са школай, выпускнікі перадалі ў надзейныя рукі сваіх малодшых сяброў школьную скарбонку са сваімі самымі каштоўнымі ўспамінамі і пажаданнямі, паветраныя шары, каб рабяты заўсёды памяталі, што ў жыцці павінна быць мара, набор фарбаў – яркім зрабіць сваё жыццё можа кожны, і іншыя рэчы. А самае галоўнае – сваёй падрастаючай змене выпускнікі-хакеісты перадалі свой талісман – залатую клюшку і шайбу. А да ўсяго – мужнасць, смеласць, поспех і ўдачу і наказ – любіць і берагчы родную школу.
Сумна і вельмі кранальна прагучала развітальная песня выпускнікоў. Кветкі ўдзячнасці і павагі падарылі яны сваім любімым настаўнікам. Закружыў юнакоў і дзяўчат у танцы апошні школьны вальс. Прагучаў апошні школьны званок, якім першакласніца Ангеліна Дзявульская і вучань 11 класа Аляксей Шэршань абвясцілі аб заканчэнні навучальнага года. Школьны званок, апошні для выпускнікоў…
Вучні адзінаццатага класа першымі пакідаюць лінейку. У добры шлях, выпускнікі, удачы і поспехаў вам!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.