Рэсурс зямлі памножаць людзі. Сёння - Дзень меліяратара
Работнікаў Шчучынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм можна сустрэць у любой кропцы раёна: на прасторах ААТ “АграГЖС”, філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”, СВУ “Пратасаўшчына”… А мы напярэдадні Дня меліяратара пазнаёміліся з камандай майстра А.І. Стасюкевіча, якая занята рэканструкцыяй меліярацыйнай сістэмы на тэрыторыі ўчастка №1 ААТ “Васілішкі”.
У маляўнічай мясцовасці за вёскай Дзегцяры пяшчотныя салаўіныя рулады перабівае брутальны бас бульдозераў. Рабочыя карчуюць хмызнякі, аднаўляюць старыя каналы і пракладваюць новыя, адразу засяваюць травой абочыны. Культура вытворчасці і тэхналагічныя патрабаванні тут на першым плане.
– На гэтым участку нам належыць правесці рэканструкцыю каналаў працягласцю 10 кіламетраў і пракласці 750 метраў новых каналаў. Давядзецца адрамантаваць некалькі меліярацыйных збудаванняў і ўстанавіць трубу-рэгулятар на рачулцы Лебядзе, што працякае ў гэтых мясцінах, – дзеліцца праграмай-мінімум Андрэй Іосіфавіч Стасюкевіч. Па нашай просьбе майстар называе прозвішчы адданых сваёй справе і добрасумленных працаўнікоў.
Гэта экскаватаршчыкі Васілій Мікалаевіч Павайба і Іван Паўлавіч Кажэцкі, бульдазерысты Іосіф Мар’янавіч Далгашэй і Ігар Іванавіч Юхневіч, рабочыя Раман Станіслававіч Маскевіч і Аляксей Іванавіч Капіца. Усе стараюцца, бо разумеюць значнасць пастаўленай задачы. Гэта вельмі пачэсна – унесці свой уклад у культуру земляробства роднай Беларусі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт і Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць згуртаваны і баявіты атрад шчучынскіх меліяратараў з прафесійным святам і жадаюць членам калектыву Шчучынскага ПМС здароўя, дабрабыту, новых вытворчых дасягненняў. Няхай працвітанне і поспех прадпрыемства заўжды будуць узнагародай за нялёгкую, але высакародную працу.