Развітальны вальс пад майскім дажджом, сярэбраныя шары з крылатымі марамі, ключ ад скарбонкі ведаў і традыцый… Даведаліся, у якой школе жыве рамантыка

 

Цяпер дакладна ведаю: ражанкаўскія педагогі ўзгадоўваюць сапраўдных рамантыкаў! Менавіта самі выпускнікі вырашылі, нягледзячы на майскі дождж, закружыць у развітальным вальсе ў школьным двары. З вокан і прыступак з захапленнем усе назіралі, як дзяўчаты ў класічнай форме з белымі фартухамі і элегантныя маладыя людзі натхнёна выконваюць гэты прыгожы  танец. Тут жа, ва ўтульным дворыку, былі адпушчаны на волю крылатыя юначыя мары, якія 11-класнікі папярэдне занатавалі ў запаветных запісках і змясцілі ў сярэбраныя шары, што дружна ўзляцелі ў неба. Няхай збудзецца ўсё, аб чым марыцца гэтым хлопцам і дзяўчатам, а таксама іх класнаму кіраўніку Галіне Аляксандраўне Бурдзей!

 

Менавіта гэтага ад усяго сэрца жадалі выпускнікам і ўсім навучэнцам на ўрачыстасці з нагоды апошняга званка. На святочную лінейку ў Ражанкаўскі д/с - СШ па традыцыі прыбыло мноства гасцей: старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама Віктар Бурдзей, дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Патапчык, дырэктар філіяла РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства” Іван Кімашэўскі, настаяцель храма Ражства Хрыстова айцец Георгій Сіняўскі. Заклапочаны тым, каб бяспечна прайшлі канікулы, прадстаўнікі Шчучынскага РАУС і РАНС, якія таксама прыехалі на сустрэчу са школьнікамі.

 

 

Шчыра віншавала вучняў, настаўнікаў, бацькоў з паспяховым завяршэннем навучальнага года дырэктар установы Ала Цівінская. Жадала выпускнікам і далей памнажаць набытыя веды, знайсці сваю дарогу ў жыцці, захоўваць тыя духоўныя каштоўнасці, што далі сям’я і школа.

 

Старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк не толькі далучылася да віншаванняў, але і засяродзіла ўвагу, наколькі прыярытэтнай з’яўляецца адукацыя, як і цалкам сацыяльная сфера, для нашай дзяржавы і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ганна Станіславаўна перадала віншаванні ражанкаўскім школьнікам і педагогам ад кіраўніцтва райвыканкама і з задавальненнем уручыла дыпломы “бронзавым” алімпіяднікам.

 

 

Не з пустымі рукамі прыйшла на ўрачыстую лінейку дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Патапчык:

 

-- Вы добра пастараліся ў гэтым навучальным годзе, а таму па традыцыі лепшым вучням, бацькі якіх працуюць у нашай сельгасарганізацыі, уручаюцца “стыпендыі”, як, дарэчы, і навучэнцам аграрных класаў. На гэтыя мэты сёлета гаспадарка выдаткавала каля 5 тысяч рублёў.

 

 

Вольга Браніславаўна асабіста ўручыла рабятам іх “прэміяльныя”, давяла да ведама  выпускнікоў, што ёсць магчымасць узяць накіраванне ад прадпрыемства на вучобу ў аграрным ўніверсітэце, а малодшай дзятве паабяцала прафінансаваць цікавую экскурсійную паездку падчас летніх канікулаў.

 

Увогуле праграма мерапрыемства атрымалася надзвычай насычанай. Выступалі самі выпускнікі і іх матулі, першакласнікі дарылі віноўнікам урачыстасці сувеніры. Старанным вучням і іх бацькам тут уручалі граматы, ушаноўвалі лепшых спартсменаў школы. Асаблівы цырыманіял, калі 11-класнікі перадавалі сімвалічны Ключ ад скарбонкі ведаў і школьных традыцый сваім паслядоўнікам. Былі торт, кветкі, вершы, кранальныя акорды развітальнага вальса і апошні званок, які далі выпускнік школы Дзмітрый Байгот і першакласніца Насця Венскевіч.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!