Размеркаванне: абавязак ці прывілея? Якія сацыяльныя гарантыі прадугледжаны для маладых спецыялістаў?

 

«Размеркаванне выпускнікоў навучальных устаноў — эфектыўны інструмент, які дазваляе звесці два зацікаўленыя бакі. Падрыхтоўку спецыялістаў заказваюць тыя, хто мае патрэбу ў кадрах. Зыходзячы з гэтага, плануюцца аб'ёмы падрыхтоўкі і кантрольныя лічбы прыёму на бюджэт. А для моладзі размеркаванне — гэта сацыяльная гарантыя атрымання першага працоўнага месца плюс сур'ёзная падтрымка для маладога спецыяліста, у якога яшчэ няма вопыту і канкурэнтных пераваг, затое ёсць патэнцыял», — так лічыць начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ.

 

— Менавіта дзякуючы механізму размеркавання ўзровень беспрацоўя сярод моладзі ў нас намнога меншы, чым у еўрапейскіх краінах, — падкрэслівае начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН. — Па выніках 2020 года гэты паказчык знаходзіўся ў межах 6,5 працэнта. Як сведчыць практыка, колькасць уладальнікаў дыпломаў аб вышэйшай адукацыі сярод беспрацоўных найменшая. Часцей за ўсё шукаюць работу маладыя людзі, якія альбо ўвогуле не маюць прафесійнай адукацыі, альбо скончылі прафесійна-тэхнічную навучальную ўстанову.

 

Па заканадаўстве, працэс размеркавання павінен быць завершаны не пазней чым за два месяцы да выпуску маладых спецыялістаў, а гэта значыць, што для тых, хто заканчвае навучальную ўстанову летам, жыццёва важнае пытанне павінна вырашыца да канца красавіка. Хоць, як заўважыў Сяргей Каспяровіч, некаторыя ВНУ і асобныя факультэты правялі папярэдняе і канчатковае размеркаванне яшчэ восенню.

 

Усяго ў гэтым годзе размеркаванню падлягаюць 19,4 тысячы выпускнікоў першай ступені вышэйшай школы, якія навучаліся на дзённай бюджэтнай форме, 1,6 тысячы магістрантаў, каля 19 тысяч выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і каля 23 тысяч навучэнцаў прафесійна-тэхнічных устаноў.

 

— Заяўкамі на працаўладкаванне будуць забяспечаны ўсе, — запэўнівае Сяргей Каспяровіч. — Пытанне толькі ў тым, каб максімальна задаволіць інтарэсы канкрэтнага выпускніка і канкрэтнага заказчыка кадраў. Традыцыйна вельмі запатрабаваны ў наймальнікаў спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі, медыцыны (як на ўзроўні вышэйшай адукацыі, так і на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай), спецыялісты ў ІT-сектары і ў сферы перадавых тэхналогій, у лёгкай прамысловасці, хімічнай, харчовай і г. д.

 

Па ўважлівых прычынах

 

Летась на ўзроўні вышэйшай адукацыі былі размеркаваны 99,9 працэнта ад агульнай колькасці тых, хто падлягаў размеркаванню, але да месца размеркавання дабраліся і працаўладкаваліся 90 працэнтаў.

 

— Прычыны бываюць уважлівыя: гэта паступленне на больш высокі ўзровень адукацыі, напрыклад, у магістратуру, альбо выпускніка каледжа на ўзровень вышэйшай адукацыі першай ступені. Таксама ўважлівая прычына — служба ў арміі, пытанні, звязаныя з непрацаздольнасцю, — падкрэслівае Сяргей Каспяровіч. — А без уважлівай прычыны адмаўляюцца працаваць па размеркаванні пасля заканчэння ВНУ ад 100 да 150 чалавек у год, прычым у гэту лічбу ўваходзяць як тыя, хто не прыбывае да месца размеркавання, так і тыя, хто не адпрацоўвае да канца тэрміну.

 

Для каго адпрацоўка абавязковая?

 

Для ўсіх, хто правучыўся на дзённай бюджэтнай форме не менш за палову ад агульнага тэрміну навучання. Гэта значыць, што студэнт ВНУ, які навучаўся за кошт бюджэтных сродкаў і быў адлічаны, напрыклад, на трэцім курсе, а затым аднавіўся і давучваўся ўжо за кошт уласных сродкаў, таксама можа быць размеркаваны. Пры гэтым тэрмін працы па размеркаванні не змяншаецца прапарцыянальна часу навучання за кошт уласных сродкаў: выпускнік будзе абавязаны адпрацаваць па размеркаванні два гады, як і яго аднакурснікі-«бюджэтнікі». А вось пры разліку сумы, якую выпускнік абавязаны будзе вярнуць дзяржаве ў якасці кампенсацыі за сваё нежаданне працаваць па размеркаванні, час яго платнага навучання ўключацца не будзе.

 

Калі студэнт больш за палову тэрміну вучыўся за кошт бюджэтных сродкаў, а затым перавёўся на платнае завочнае аддзяленне, ён таксама трапляе пад размеркаванне. За выключэннем выпадку, калі ўжо працуе па сваёй спецыяльнасці.

 

Рашэнне аб размеркаванні выпускніка прымаецца камісіяй з улікам вынікаў яго паспяховасці, удзелу ў навукова-даследчай дзейнасці, грамадскай рабоце, месца праходжання вытворчай і пераддыпломнай практыкі, стану здароўя, сямейнага становішча і месца жыхарства сям'і. Як заўважыў Сяргей Каспяровіч, у гэтым годзе з'явілася дадатковая катэгорыя тых, хто мае першачарговае права выбару месца размеркавання, — гэта выпускнікі, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу, пры ўмове высокага ўзроўню паспяховасці і рэкамендацый ад воінскіх часцей.

 

Пэўная частка выпускнікоў паступалі ў ВНУ па мэтавых накіраваннях. Ці ёсць пры размеркаванні адрозненні?

 

Па-першае, мэтавае накіраванне гарантуе бясплатнае навучанне і пастаянную стыпендыю, але «адмазацца» ад адпрацоўкі ці памяняць месца работы амаль нерэальна. Выпускнік мусіць адпрацаваць на прадпрыемстве, з якім ён і яго ВНУ заключылі дагавор. Напрыклад, перад паступленнем у педуніверсітэт малады чалавек падпісвае з аддзелам адукацыі дагавор і абавязуецца пасля заканчэння вучобы вярнуцца працаваць у родныя мясціны. І нават калі за час навучання зменіцца яго сямейнае становішча і жыццёвыя планы, пасля атрымання дыплома ён усё роўна будзе абавязаны туды вярнуцца.

 

Па-другое, калі працаваць па размеркаванні пасля ВНУ прыйдзецца два гады, то па мэтавым накіраванні — аж пяць гадоў.

 

Сацыяльныя гарантыі

 

Як ставіцца да будучага размеркавання: як да сацыяльнай перавагі або як да малапрыемнага абавязку — кожны вырашае для сябе сам. Па-першае, гэта магчымасць для прафесійнага станаўлення. За два — пяць гадоў можна стаць канкурэнтаздольным спецыялістам на рынку працы і атрымаць важныя прафесійныя кампетэнцыі.

 

Па-другое, малады спецыяліст у гэтым выпадку падстрахаваны з усіх бакоў. Наймальнік абавязаны забяспечыць яго працай па той спецыяльнасці і той кваліфікацыі, якая ўказана ў яго дыпломе і занатавана ў накіраванні. Што да працоўных адносін, то наймальнік можа прапанаваць любую іх форму: кантракт або бестэрміновы працоўны дагавор. Выпускнік мае права выбіраць той варыянт, які яго больш задавальняе.

 

Але самая галоўная прывілея — абарона ад звальнення на працягу двух гадоў. Наймальнік не мае права ўстанаўліваць маладым спецыялістам выпрабавальны тэрмін і не можа звольніць маладога спецыяліста на аснове такой фармулёўкі, як «неадпаведнасць займаемай пасадзе ці выконваемай рабоце з прычыны недастатковай кваліфікацыі».

 

Размеркаваным маладым спецыялістам пасля атрымання дыплома даецца адпачынак працягласцю 31 каляндарны дзень (па жаданні выпускніка гэты тэрмін можа быць скарочаны), а будучыя педагогі адпачываюць да 15 жніўня.

 

Для маладых спецыялістаў заканадаўствам прадугледжаны шэраг дадатковых гарантый і кампенсацый. У тым ліку — грашовая дапамога, якую наймальнік выплачвае яму ў месячны тэрмін. Сума залежыць ад таго, якую адукацыю ён атрымаў, і ад памеру стыпендыі. Маладым людзям належыць таксама кампенсацыя ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць — яна з'яўляецца абавязковай, але выплачваецца толькі ў тым выпадку, калі арганізацыя, куды быў размеркаваны малады спецыяліст, знаходзіцца ў іншым населеным пункце (гэта пацвярджаецца рэгістрацыяй у пашпарце). Кампенсуецца кошт праезду не толькі самога выпускніка, але і членаў яго сям'і, таксама кампенсуюцца выдаткі на перавозку маёмасці любым транспартам.

 

Маладым спецыялістам наймальнік можа кампенсаваць выдаткі за арэнду жылля. Заканадаўствам прадугледжана такая магчымасць, але абавязковымі гэтыя выплаты не з'яўляюцца. Калі наймальнік прымае такое рашэнне, то самастойна вызначае іх памер, а таксама парадак і ўмовы кампенсацыі.

 

Умова аб выдзяленні маладому спецыялісту жылога памяшкання наймальнікам можа быць агаворана ў накіраванні на работу і працоўным дагаворы (кантракце). Аднак забеспячэнне маладога спецыяліста жыллём — права наймальніка, а не абавязак. Адзіная гарантыя ў гэтай сферы, замацаваная на дзяржаўным узроўні, — права маладога спецыяліста, які прыбыў па месцы размеркавання, стаць на ўлік асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без дадатковых патрабаванняў па неабходным тэрміне пражывання ў адпаведным населеным пункце. У тым ліку ў Мінску і Мінскім раёне.

 

Ці можна «адкупіцца»?

 

Яшчэ на этапе размеркавання выпускнік можа заявіць пра сваё нежаданне працаваць па размеркаванні ці мэтавым накіраванні і звярнуцца па разлік сумы сродкаў, выдаткаваных на яго навучанне. Пасля ўнясення сродкаў ён можа атрымаць даведку аб свабодным працаўладкаванні.

 

У тым выпадку, калі малады спецыяліст не прыступіў да працы ці звольніўся да заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі і не жадае вяртаць у бюджэт сродкі добраахвотна, грошы будуць спаганяцца з яго ў судовым парадку.

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!