Райгаз паказаў клас!
У нядзелю на міні-футбольнай пляцоўцы са штучным пакрыццём па вуліцы Авіятараў прайшлі фінальныя матчы чэмпіянату раёна па футболе.
Фінальную сустрэчу з нецярпеннем чакалі шматлікія прыхільнікі футбола. На полі сышліся дзве моцныя каманды раёна – ААТ “Аўтапровад” і ВУ “Гроднааблгаз” Шчучынскі РГЗ”. На працягу некалькіх гадзін працягвалася ўпартая барацьба за перамогу. Спаборніцтва выдалася надзвычай напружаным. Гэта адчувалася і па хваляванні балельшчыкаў, якіх у той дзень сабралася нямала. Стаіўшы дыханне, аматары футбола чакалі першага забітага мяча. Аднак доўгі час вароты заставаліся “пустымі”. Вопытныя варатары не дапускалі ніводнага промаху. Першы і апошні мяч падчас гульні быў забіты ў вароты каманды ААТ “Аўтапровад” спартсменамі Шчучынскага РГЗ.
Нагадаем, што чэмпіянат раёна па футболе распачаўся яшчэ 5 лістапада. За лідарства змагаліся 7 каманд Шчучыншчыны. Гульні праходзілі па кругавой сістэме. У выніку першае месца заваявалі спартсмены каманды ВУ “Гроднааблгаз” Шчучынскі РГЗ”. Капітан каманды Андрэй Зенчык перакананы, што заваяваць чэмпіёнскі тытул ім удалося дзякуючы рэгулярным напружаным трэніроўкам і “сплаву” маладосці і вопыту.
На другой прыступцы п’едэстала – “ШчучынЛесКам”. Замкнулі тройку футбольных лідараў спартсмены каманды ТДА “ІнвестБел”.
Пераможцы былі ўзнагароджаны медалямі, кубкамі і граматамі ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама.
Вызначылі і лепшых футбалістаў. Сёлета лепшым іграком быў прызнаны Алег Ступакевіч. Вопытны спартсмен быў адзначаны спецыяльным прызам, які ўручыла першы сакратар РК БРСМ А.С. Богдзель.
Лепшым варатаром на працягу некалькіх гадоў заставаўся Юрый Саук, які, на жаль, рана пайшоў з жыцця. Спецыяльны прыз ад райкама БРСМ быў уручаны яго сыну Рэнату, які, дарэчы, сёлета стаў лепшым паўабаронцам падчас рэспубліканскіх спаборніцтваў “Скураны мяч”.
Як адзначыў галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.В. Гваздоўскі, усе ўдзельнікі спаборніцтваў прадэманстравалі высокі ўзровень гульні. Футбольныя традыцыі ў нашым раёне памнажаюцца і ўсё больш людзей праяўляюць цікавасць да гэтага віду спорту.
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.