Работа знойдзецца. Умейце ёю даражыць
Дарэчы, на сёння тут зарэгістравана 42 беспрацоўныя, а вакансій, заяўленых наймальнікамі, – 460. Такую інфармацыю паведаміла нам начальнік узгаданай службы Г.С. Паўлюкевіч.
– Як бачым, патрэба ў працоўнай сіле ў раёне ёсць. А значыць – і магчымасці для жыхароў раёна зарабіць на жыццё. На прадпрыемствах і ў арганізацыях запатрабаваны механізатары, аператары машыннага даення, паляводы, тынкоўшчыкі, плітачнікі, ветэрынарныя ўрачы, заатэхнікі і спецыялісты іншых прафесій і профіляў, – расказала Ганна Станіславаўна. – Так што людзям, якія па розных абставінах засталіся без сталага месца працы, усё ж раіла б зазірнуць у нашу ўстанову. Упэўнена, разам здолеем падабраць работу па вашых здольнасцях, адукацыі і ў адпаведнасці з пажаданнямі. І нават падкажам, як даражыць ёю. Між іншым, сённяшняя прыкмета часу – на шчучынскія прадпрыемствы рознай формы ўласнасці з задавальненнем уладкоўваюцца жыхары суседніх раёнаў. Адлегласці не перашкода – арганізаваны падвоз людзей да месца працы.
У размове Ганна Станіславаўна Паўлюкевіч прыгадала свежы прыклад, калі ў спецыялістаў іх службы атрымалася ўладкаваць жыхара раёна ў ААТ “Шчучынаграпрадукт”.
– Мужчына пэўны час не працаваў, – расказвае Ганна Станіславаўна. – Але нядаўна вырашыў заняцца пошукамі работы і прыйсці да нас. Паколькі меў запатрабаваную спецыяльнасць – ён газаэлектразваршчык, то і месца прыкладання сіл знайшлося адразу.
Але ці здолеў нядаўні беспрацоўны замацавацца ў новым асяродку? На сумненні наводзіў расказ аднаго са старшынь сельвыканкамаў пра тое, як вясковец, знайшоўшы працу, пратрымаўся… да першай палучкі. Таму патэлефанавала загадчыку ўчастка “Янчукі” Д.В. Каралю і пацікавілася, ці задаволены там новым работнікам. “Ніякіх нараканняў на работу навічка не маю. Стараецца, даручаныя заданні выконвае. У разгільдзяйстве не заўважаны”, – коратка і шчыра адказаў кіраўнік вытворчага падраздзялення.
Што ж, нельга жыць як набяжыць. Жыццё вучыць даражыць працай. А новаму работніку сельгасарганізацыі пажадаем, каб яму было добра ў новым працоўным калектыве.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
P/S Спецыялісты аддзела службы занятасці гатовы адказаць на пытанні, якія датычаць пошукаў месца працы, абучэння новым спецыяльнасцям, арганізацыі ўласнай справы пры падтрымцы дзяржавы, па тэлефонах: 29-2-03, 24-5-09, 29-9-74.