Прышпіліце самае дарагое! Журналіст "Дзянніцы" пабываў у рэйдзе разам з інспектарамі ДПС падчас акцыі "Дзіця – галоўны пасажыр"

З 29 ліпеня па 4 жніўня на Гродзеншчыне праводзілася акцыя “Дзіця – галоўны пасажыр”, накіраваная на зніжэнне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. 

 

Штогод на дарогах гінуць дзеці. У пераважнай большасці выпадкаў вінаватыя ў гэтым дарослыя. Вадзіцель быў няўважлівым падчас руху, мама ці тата праігнаравалі патрабаванні правілаў дарожнага руху і не прышпілілі сваіх сына або дачушку…

 

Як жыхары нашага раёна клапоцяцца пра бяспеку самага дарагога, што ў іх ёсць, – сваіх дзетак, праверылі і супрацоўнікі ДАІ Шчучынскага РАУС. На мінулым тыдні мы накіраваліся ў сумесны рэйд разам з інспектарамі ДПС капітанам Дзмітрыем Яўгеньевічам Жагунем і старшым лейтэнантам Андрэем Валяр’янавічам Ладышам. А правесці яго вырашылі каля новага дзіцячага садка ў Паўднёва-Заходнім мікрараёне, куды бацькі дастаўляюць сваіх дзетак на аўтамабілях.

 

Першымі, з кім мы пазнаёміліся, быў пяцігадовы пасажыр Арсеній і яго мама Аксана. Хлопчык ехаў у садок у поўнай бяспецы: у дзіцячым крэсле і прышпілены рамянямі бяспекі.

 

– Прышпіліць дзіця – гэта самае першае, што я раблю перад тым як сесці за руль, – гаворыць Аксана. – Арсеній і сам пра гэта ведае. Яго бяспека – самае важнае падчас руху. Ён у нас і сапраўды самы галоўны пасажыр.

 

Прышпіленымі былі і нашы наступныя суразмоўцы: пяцігадовы Данііл і яго мама Марыя. 

 

– Толькі калі я ведаю, што мой сын у поўнай бяспецы, магу спакойна кіраваць аўтамабілем, – запэўніла нас Марыя. 

 

Законапаслухмянымі аказаліся не толькі мамы. Таты таксама клапоцяцца пра бяспеку сваіх дзяцей. Маленькую Ангелінку, якой толькі тры з паловай гадкі, прывёз у садок тата. Дзіця, як і належыць, знаходзілася ў крэсле і было прышпілена. Як, дарэчы, і сам тата.

 
На жаль, не адзінкавымі аказаліся выпадкі, калі маленькія пасажыры ехалі ў аўтамабілі без дзіцячых крэслаў і не прышпіленымі, а хтосьці і стоячы. А тлумачэнні іх бацькоў былі, мякка кажучы, не зусім зразумелымі. “Я ж тут во блізка жыву, вельмі спяшаюся, думаю, што тут некалькі метраў да садка, – прывёў “важкія” аргументы адзін з татаў. – Дый машына не мая. Таму і крэсла тут няма.” “Гэта цалкам мая віна, – прызнаецца адна мама. – Сын толькі сеў у аўтамабіль, захацеў прышпіліцца. А я кажу яму, колькі тут ехаць, не прышпільвайся”. 

 

Вельмі здзівіла пазіцыя адной з мам. Яна ніяк не хацела прызнаць, што яе дзіця ехала не прышпіленае, пакуль супрацоўнік ДАІ не прадэманстраваў жанчыне рамяні бяспекі, на якіх хлопчык проста … сядзеў. Замест таго, каб згадзіцца, што яна не права, усё роўна стаяла на сваім. Можа баялася пакарання?

 

Толькі ніякіх штрафаў у той дзень супрацоўнікі ДАІ не прызначалі. Галоўнай мэтай рэйду была прафілактыка.

 

– Самае галоўнае, каб маленькія пасажыры заўсёды знаходзіліся ў бяспецы, – гаворыць Дзмітрый Яўгеньевіч. – На гэта і накіравана наша работа. Як паказвае практыка, большасць бацькоў разумеюць, што менавіта яны ў адказе за самае дарагое, што ў іх ёсць – сваіх дзетак. Разам з тым, хачу сказаць, што штраф за няправільную перавозку дзяцей – ад 0,5 базавай велічыні да дзвюх за падобнае паўторнае парушэнне. 

 

Паважаныя бацькі, ні на хвіліну не забывайце пра бяспеку сваіх дзяцей! Перад тым як прышпіліцца самім, абавязкова пракантралюйце, ці прышпілены сын або дачка. І тады вы можаце быць за іх спакойнымі.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!