Прыгожы горад – камфортнае жыццё. Што ўжо зроблена і што яшчэ трэба будзе зрабіць

Пачалася планёрка ў старшыні раённага выканаўчага камітэта С.В. Ложэчніка з абмеркавання тэмы добраўпарадкавання і азелянення горада Шчучына. Што ўжо зроблена і што яшчэ трэба будзе зрабіць - пра гэта і многае іншае расказала намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта.
Шчучын – зялёны горад
– Канцэпцыя па азеляненні горада Шчучына распрацавана з мэтай паляпшэння камфортнага гарадскога асяроддзя і прымеркавана да Года малой радзімы і знамянальных дат: 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці, – адзначыла Алена Васільеўна. – Ужо ў раённым цэнтры высаджана больш за 1000 зялёных насаджэнняў. Актывісты грамадскіх аб’яднанняў - БРСМ, БСЖ, раённай ветэранскай арганізацыі, РА Камуністычнай партыі Беларусі далучыліся да высаджвання алеі з 75 клёнаў вастралістых уздоўж гарадскога возера. Работнікі і ветэраны РАУС пасадзілі парк па вуліцы Чырвонаармейскай, пачалі пасадку алеі працоўныя калектывы горада уздоўж трасы М6. Прадстаўнікі раённай арганізацыі БТЧК пасадзілі рабінавую алею па вуліцы Заводскай. Члены раённай арганізацыі ГА “БРСМ“ правялі 20 красавіка пасадку туй каля палаца Друцкіх-Любецкіх. 1 мая яшчэ адну алею на беразе возера пасадзяць прадстаўнікі раённага аб’яднання прафсаюзаў. Шмат зроблена ў плане азелянення і ў іншых населеных пунктах раёна.
Удзельнікам нарады быў прадстаўлены шэраг прапаноў прадпрыемстваў і арганізацый, як будуць аформлены святочныя кветкавыя кампазіцыі ў раённым цэнтры, прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення Беларусі. На планёрцы абмеркавана таксама святочнае афармленне населеных пунктаў раёна, аб’ектаў гандлю і прыдарожнага сэрвісу, прадукцыі тэматычнай сімволікі. 
Алена Васільеўна праінфармавала аб рабоце па захаванні ў належным стане месцаў ушанавання памяці абаронцаў Айчыны. Старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік падкрэсліў значэнне праводзімай работы па падтрыманні помнікаў у належным стане. Напярэдадні святочных дат яны павінны быць у бездакорным стане.


– Сродкаў на правядзенне добраўпарадкавання ў гэтым годзе выдзелена дастаткова, – адзначыў Сяргей Васільевіч. – Кожны куток горада павінен быць упрыгожаны. Неабходна дадаць тэмпу ў нанясенні маляўнічых карцін на шэраг будынкаў райцэнтра. Асноўная ўвага - асфальтаванню цэнтральных вуліц, рамонту і афарбоўцы агароджаў, добраўпарадкаванню дзіцячых пляцовак.

 Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!