Прэмія – за выдатную вучобу. Урачыстая пераднавагодняя лінейка адбылася ў Ражанкаўскім дз/с-СШ

Урачыстая пераднавагодняя лінейка адбылася ў Ражанкаўскім дз/с-СШ, падчас якой рабяты атрымалі мноства падарункаў і сюрпрызаў.

Павіншаваць з надыходзячымі святамі сваіх юных сяброў прыйшлі дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Браніславаўна Патапчык, дырэктар Гродзенскага племпрадпрыемства Антон Станіслававіч Салкевіч і старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама Віктар Валянцінавіч Бурдзей. Гэтыя дарослыя заўсёды гатовы аказаць пасільную дапамогу школьнікам для дастойнага атрымання адукацыі, таму ва ўстанове яны частыя госці.

З паспяховым заканчэннем другой чвэрці павіншавала рабят і педагогаў дырэктар школы А.Т. Цывінская. Яна пажадала ўсім вясёлых свят і шчаслівага наступнага года.

 

З прыемнай місіяй завітала на лінейку Вольга Браніславаўна. Лепшым з лепшых рабят – Нікіце Жвірбля, Дар’і Анюкевіч, Карыне Карніла, Ангеліне Малышка, Анстасіі Піліпчык, Дар’і Філіпчык і Вадзіму Жвірбля -- яна ўручыла грашовае ўзнагароджанне за выдатную вучобу, а таксама заклікала ўсіх астатніх школьнікаў прыкладваць максімум намаганняў, каб дасягаць высокіх рэзультатаў. А гаспадарка абавязкова ўсіх падтрымае.

Напярэдадні ў школе былі падведзены вынікі спаборніцтваў па зборы макулатуры, а таксама конкурсу на лепшае ўпрыгожанне кабінетаў да Новага года. Пераможцы атрымалі торты і салодкія падарункі. Узнагародай за найбольшую колькасць сабранай макулатуры стала паездка на базу адпачынку “Прывал”. А накіруюцца туда пяцікласнікі.

-- Мы заўсёды шукаем розныя спосабы, каб стымуляваць нашых вучняў, -- гаворыць Ала Тадэвушаўна. – Яны стараюцца, і мы па магчымасці рыхтуем для іх хоць невялічкія падарункі. А як дзякуючы намаганням дзяцей і дарослых упрыгожана наша школа! Свята адчуваецца паўсюдна. І гэта агульная наша заслуга.

Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!