Прававая дапамога і асвета: у ДУ “Шчучынскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” прайшоў прафсаюзны прыём

 

У ДУ “Шчучынскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” прафсаюзны прыём правялі галоўны прававы інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Валянціна Таўрэль, старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук і выконваючы абавязкі пракурора Шчучынскага раёна Дзмітрый Гайдукевіч.

 

На пачатку мерапрыемства Валянціна Станіславаўна і Юрый Тадэвушавіч растлумачылі прысутным асаблівасці новага законапраекта аб Усебеларускім народным сходзе. У прыватнасці, падрабязна было разгледжана пытанне фарміравання складу новага палітычнага інстытута. У сувязі з гэтым закранулі тэму ўнясення змяненняў у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Таксама быў зроблены акцэнт на такім новым для беларускага заканадаўства паняцці як “грамадзянская супольнасць”.

 

 

– Вельмі важна людзям тлумачыць дзеючае заканадаўства, – лічыць Юрый Пашук. – Грамадзяне павінны ведаць, для чаго патрэбны Усебеларускі народны сход і якія ён будзе выконваць функцыі. Лічу важным таксама тлумачыць новыя аспекты заканадаўства. Напрыклад, паняцце “грамадзянская супольнасць”, якое актыўна пачало ўжывацца не так даўно.

 

Выконваючы абавязкі пракурора Шчучынскага раёна Дзмітрый Гайдукевіч расказаў прысутным аб расследаванні крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Следства па гэтай справе ўжо ідзе другі год, за гэты час была высветлена вялікая колькасць фактаў злачынства. Дзмітрый Юзэфавіч нагадаў пра трагедыю вёскі Зінякі Шчучынскага раёна, дзе ў 1944 годзе былі спалены і расстраляны нацыстамі 484 чалавекі. Таксама ён расказаў пра тое, як у маі 1942 года адбывалася зачыстка гета ў Васілішках, падчас якой карнікі забілі 2159 чалавек.

 

– Трагедыя Вялікай Айчыннай вайны – гэта трагедыя амаль кожнага грамадзяніна Беларусі, – кажа Дзмітрый Юзэфавіч. – Таму сёння мы павінны ахоўваць гэтую памяць і захаваць гістарычную праўду для таго, каб не дапусціць падобных зверстваў у будучым.

 

 

Пасля выступу спікераў прысутныя атрымалі патрэбную юрыдычную кансультацыю. У асноўным людзей цікавілі пытанні працоўнага заканадаўства, а менавіта нюансы датэрміновага выхаду на пенсію.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!