Прапусціце “хуткую дапамогу”!

Уся дзейнасць супрацоўнікаў аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС накіравана на прафілактыку парушэнняў правілаў дарожнага руху і папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў. Галоўнае для іх – не пакараць парушальніка, а любымі спосабамі “дастукацца” да людзей, каб яны разумелі, наколькі важна паважаць закон і клапаціцца пра сваю бяспеку.

 

Таму звычайнай справай для супрацоўнікаў ДАІ стала правядзенне прафілактычных рэйдаў, падчас якіх яны не складаюць пратаколы аб правапарушэннях, а нагадваюць вадзіцелям і пешаходам правілы дарожнага руху. Падобны рэйд пад назвай “Уступі дарогу спецтранспарту!” прайшоў нядаўна на вуліцах Шчучына.
У каго не замірае сэрца, калі прыходзіцца чуць гук сірэны?! Ён паведамляе аб тым, што недзе здарылася бяда, і людзям патрэбна дапамога. Часам, каб выратаваць чалавеку жыццё, дарагая кожная хвіліна. Таму і імчаць па ўказаным адрасе машыны хуткай дапамогі, як мага хутчэй стараюцца прыбыць на месца надзвычайнай сітуацыі выратавальнікі. Вадзіцелі гэтага спецтранспарту робяць усё магчымае, каб не губляць ні адной дарагой хвіліны.

 

А як паводзяць сябе ў такіх сітуацыях іншыя ўдзельнікі дарожнага руху? Наколькі яны гатовы з разуменнем аднесціся да надзвычайных абставін і ўступіць дарогу? Гэта мы і высвятлялі разам са старшым інспектарам ДПС АДАІ Шчучынскага РАУС Андрэем Аляксандравічам Антановічам і інспектарам ДПС АДАІ Аляксандрам Уладзіміравічам Асокіным.

 

Па папярэдняй дамоўленасці з галоўным урачом Шчучынскай ЦРБ Іванам Уладзіміравічам Загароўскім, які і сам зацікаўлены ў тым, каб брыгады хуткай дапамогі мелі магчымасць бесперашкодна дабірацца ў любы пункт прызначэння, аўтамабіль хуткай дапамогі з сірэнай і светлавым сігналам некалькі разоў праехаў па вуліцах горада. Сітуацыю кантралявалі супрацоўнікі ДАІ.

 

Прыемнай нечаканасцю стала рэакцыя практычна ўсіх вадзіцеляў, якія на той час аказаліся на дарозе: толькі пачуўшы гук сігнала, яны адзін за адным адразу ўступалі дарогу “хуткай дапамозе”, і аўтамабіль рухаўся, амаль не зніжаючы хуткасці. Толькі, на жаль, заўсёды знойдзецца той, хто абавязкова сапсуе ідэальную карціну.

 

Не сказаць, што так спяшаўся саступіць дарогу аўтамабілю хуткай дапамогі ў раёне СШ №2 г. Шчучына вадзіцель трактара. А патлумачыў гэта тым, што быццам бы не чуў гук сігнала. Мякка кажучы, гучала не вельмі пераканальна.

 

А вось другі вадзіцель, які рухаўся па вуліцы Пушкіна, заняў і ўвогуле незразумелую пазіцыю. Ён катэгарычна стаяў на сваім і паўтараў, што дарожная сітуацыя не дазваляла яму ўступіць дарогу машыне хуткай дапамогі. Не пераканалі яго нават палажэнні з правілаў дарожнага руху, якія пракаменціраваў яму А.А. Антановіч. Канчатковым стаў аргумент аб тым, што рух аўтамабіляў зафіксаваны на відэарэгістратары. Толькі тады ўпарты вадзіцель згадзіўся з супрацоўнікамі ДАІ. А вось сустрэнецца такі кіроўца на дарозе, калі ў машыне хуткай дапамогі будзе знаходзіцца чалавек, для выратавання жыцця якога дарагая кожная мінута?..

 

– За рулём аўтамабіля хуткай дапамогі я ўжо каля дваццаці год, – гаворыць вадзіцель Вячаслаў Эдуардавіч Чашчэвік. – Усяго прыйшлося пабачыць за гэты час. Выклікаў ад людзей і раней, і цяпер даволі многа. Бываюць і экстранныя выпадкі. Хачу сказаць, што ў апошні час вадзіцелі сталі больш дысцыплінаванымі і практычна заўсёды пры неабходнасці ўступаюць дарогу. Праўда, бываюць і непрыемныя сітуацыі. Некалькі год таму прыехалі да хворага на вуліцу Паўднёва-Заходнюю, а выехаць не змаглі: вадзіцель, які знаходзіўся ў аўтамабілі, прынцыпова не хацеў нам уступіць дарогу, сцвярджаў, што прыпаркаваўся па правілах. Прыйшлося выклікаць супрацоўнікаў ДАІ, якія даходліва патлумачылі, хто ў гэтай сітуацыі правы, а хто вінаваты. А каб хвораму чалавеку патрабавалася экстранная дапамога?
Зразумела, што карыстацца “мігалкамі” брыгада хуткай медыцынскай дапамогі можа толькі ў самых крайніх выпадках.

 

– Такія сітуацыі выразна рэгламентаваны “Інструкцыяй аб парадку выкарыстання транспартнымі сродкамі аператыўнага прызначэння спецыяльнай светлавой і гукавой сігналізацыі”, – гаворыць Андрэй Аляксандравіч. – Гэта следаванне на экстранны выклік, дастаўка ў арганізацыі аховы здароўя пацыентаў і пацярпелых, якія маюць патрэбу ў экстраннай шпіталізацыі, аказанне неадкладнай медыцынскай дапамогі пацыентам і пацярпелым на праезнай частцы дарогі або ў аўтамабілі хуткай дапамогі, які стаіць на дарозе, і дастаўка ў арганізацыі аховы здароўя брыгады з донарскімі органамі.

 

Як бачыце, уступаць дарогу аўтамабілю хуткай дапамогі трэба не так часта. І выпадкі – сапраўды экстранныя. Праявіце сваю чалавечнасць! Магчыма, тая хвіліна, якую вы зберажаце для вадзіцеля “хуткай дапамогі”, дапаможа вярнуць жыццё таму, каго ён вязе ў бальніцу.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!