Прадпрыемствы Гродзеншчыны разгарнулі свае “смачныя” выставы на гандлёвай пляцоўцы “Гастра-фэст беларускай кухні і беларускай прадукцыі”

Гандлёвая пляцоўка “Гастра-фэст беларускай кухні і беларускай прадукцыі” надзвычай ажыўленая. І жыхары Слоніма, і госці сталіцы Дня беларускага пісьменства  з задавальненнем прыйшлі сюды, дзе прадпрыемствы Гродзеншчыны разгарнулі свае “смачныя” выставы.  І кожны не перастае здзіўляць палётам гастранамічнай фантазіі!

 

Самае цікавае, што арганізатары сумясцілі несумяшчальнае – кулінарыю і літаратуру.  Мала таго, што з Ваўкавыска прывезлі вялікую кнігу з … сала, дык кожны павільён выбраў стравы з твораў беларускіх класікаў і мае намер гандляваць імі ажно да самага вечара. Так, Гродзенскі мясакамбінат прапануе “кілбасы-скруткі, як падковы”, а яшчэ кумпякі, грудзінку, шынку… Дарэчы, назвы ўсіх гэтых прысмакаў можна знайсці ў векапомнай паэме Якуба Коласа “Новая зямля”.

 

 

А вось суровыя рыцары і сярэднявечны люд на падворку, дзе гатуюць брутальныя стравы паводле твора Леаніда Дыйнэкі “Меч князя Вячкі”: парася на верцяле зажарыстае, духмянае.

 

Не менш апетытныя вырабы і ў майстроў гастранамічнай справы з “Агракамбіната “Скідзельскі”. Гэта ізыскі з паэмы “Панас на Парнасе”. Дарэчы, тут з вамі з задавальненнем падзеляцца рэцэптамі.

 

 

А які ж гастра-фэст без знакамітых дранікаў ды адмысловых клёцак? Не ўтрымаліся – пакаштавалі! Кухары прадпрыемстваТАА “ДзівітЕўра” па-майстэрску прыгатавалі гэту класічную для беларусаў страву. А яшчэ тут на гіганцкай талерцы класічны бігас, які нібыта зышоў са старонак твора Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Здаецца, хопіць усім!

 

Ну а хто хоча, так бы мовіць, пікантнасці? Тады вам да павільёна УКПТЦ “Патсдам” з горады Ліды.

 

 

-- Нам вельмі падабаецца разнастайнасць прапанаваных страў, -- зазначаюць маладыя людзі, якія занялі ўтульныя столікі і ўплятаюць апетытныя шашлыкі. – Зручна, што ўся вуліца Чырвонаармейская ператварылася ў вялікае імправізаванае кафэ.

 

Шчыра кажучы, зусім не хочацца пакідаць самую апетытную пляцоўку свята, але ж не хлебам адзіным… Вунь якімі фарбамі, гукамі, яркімі постацямі напоўнены слонімскія вуліцы! Свята набірае абароты. Гайда на суседнюю пляцоўку пад шматабяцаючай назвай “Народная культура – крыніца духоўнасці”.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

 

Аляксандр БЕБЕШ, жыхар г. Слоніма:

 

 

– Прыйшоў на фестываль з сям’ёй. Усім вельмі падабаецца свята.  Малодшы сын Багдан проста ў захапленні ад магчымасці столькі ўбачыць і паспрабаваць. А жонка, як водзіцца, цікавіцца рэцэптамі старажытных беларускіх страў. Дзень беларускай пісьменства ў першую чаргу свята духоўнасці.  Праўда, цудоўна, што ёсць дзе зрабіць прывал і падмацаваць сілы. І месца гэтае – гастра-фэст!

 

Ганна ХВЯДЗЮК, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў:

 

 

  – Мы самі ў 2015 годзе прымалі ў Шчучыне Дзень беларускага пісьменства, і сёння вельмі рады за Слонім – прыгожы, адноўлены, мнагалюдны. Усё расквечана ўсмешкамі – значыць, людзям падабаецца. А гастра-фэст, безумоўна, яркая старонка ў фестывальнай праграме.

 

Наталля ШЧАЛКАНОГАВА, жыхарка г.Ліды:

 

 

  -- З улікам таго, што я люблю смачна паесці , то ад гастра-фэсту я проста ў захапленні! Няхай будзе болей такіх свят! Цудоўныя стравы, цудоўная прадукцыя нашых прадпрыемстваў – экалагічная, натуральная, апетытная…  А як прыгожа падаюць яе вытворцы! Нерэальна ўтрымацца і прайсці міма.

 

Валерый ТАРАСАЎ, намеснік старшыні Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў:

 

 

--Слонім быў і ёсць культурнай сталіцай, дзе развіта мастацтва, тэатральная творчасць, дзе гісторыяй дыхае ўсё наўкола. Адчуваецца высокі арганізацыйны ўзровень мерапрыемства, а адсюль і добрыя ўражанні, пазітыўныя эмоцыі.

 

 

Што тычыцца гастра-фэсту, як і свята ў цэлым,  то гэта да ўсяго яшчэ і добры эканамічны імпульс.  Прадпрыемствы прэзентуюць  сваю прадукцыю, паказваюць, як яе можна выкарыстаць. Такія традыцыі  надзвычай папулярныя і ў нашым горадзе. Прыязджайце да нас  на 1000-годдзе Брэста. Не пашкадуеце, як не шкадую я, што сёння тут – у старажытным і адначасова маладым Слоніме.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!