Працягваем "Эстафету памяці". Сёння ўспамінаем удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Вікенція Лаўрэнцьевіча Янковіча

“Калі хоць нешта ў сэрцы азываецца шчымлівым болем, светлаю журбой, дык, значыць, тое ўсё, што варта памяці, табе падорана – яно з табой”, – гэтыя паэтычныя радкі як быццам пра сутнасць нашага праекта, прысвечанага 75-ай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння сваёй памяццю дзеляцца з намі родныя і блізкія ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Вікенція Лаўрэнцьевіча Янковіча.
У Матылях, дзе нарадзіўся і пражыў жыццё Вікенцій Янковіч, яго сядзіба даўно пустуе. ”Таты не стала трыццаць год таму, – расказвае яго дачка Людміла Вікенцьеўна Павядайка – старэйшая з чатырох нашчадкаў былога франтавіка. – Я і сама з пакалення, апаленага вайной, з’явілася на свет у сакавіку 42-га. Тата пайшоў на фронт у 1944-ым, пасля вызвалення раёна ад ворага. Вялікай агульнай радасцю для нас з мамай стала яго вяртанне дамоў. З перамогай”.

Дарэчы, пра тое, як бацька адыходзіў на вайну, ведае (зразумела, па расказах старэйшых) брат Людмілы Вікенцьеўны. “З Матылёў тады прызвалі 17 чалавек. Мужчын і хлопцаў давезлі да Ліды, а адтуль, ужо з іншымі навабранцамі, яны рушылі ў напрамку на Баранавічы. Але хутка 13 вяскоўцаў чамусьці вярнуліся дамоў. А чацвёра, у іх ліку і наш тата, трапілі спачатку ў Варшаву ў гвардзейскую стралковую дывізію, дзе іх абучылі, а потым на перадавую, – дзеліцца Міхаіл Вікенцьевіч. – Наколькі помніцца, тата спачатку быў ардынарцам, а потым, пасля атрыманага ранення, – санітарам. Выносіў з поля бою і вывозіў на кані параненых байцоў”. 
У баявым страі беларус з Матылёў прайшоў ажно да Германіі. Пэўны час заставаўся там служыць і пасля таго, як адгрымелі пераможныя залпы, – на ахове дэмаркацыйнай лініі паміж савецкай і амерыканскай зонамі. На выцвілых ад часу здымках, якія дасылаў родным і жонцы, ён, бравы салдат, і адзін, і з баявымі таварышамі. Глядзяць як пераможцы, што і зразумела: адолелі лютага ворага, засталіся жывымі! Адтуль у родныя Матылі ляцелі ад яго і паштоўкі. Яны і цяпер захоўваюцца ў Людмілы Вікенцьеўны. А вось бацькоўскія ўзнагароды – ордэн Чырвонай Зоркі, медалі “За перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Берліна” і іншыя – знаходзяцца ў брата. 

– Канешне, пры жыцці таты мы цікавіліся яго баявым мінулым. І ён ахвотна расказваў. А вось на пытанне пра ордэн адказваў коратка:”Значыць, заслужыў”, – прыгадвае субяседніца. 
Людміла Вікенцьеўна выбачаецца: маўляў, разуменне важнасці аповядаў бацькі прыйшло запозна – калі таго не стала, а значыць, не стала магчымасці перапытаць, удакладніць. Штосьці з пачутага ўжо з памяці сцерлася. А вось брат Міша як хлопец слухаў бацьку больш уважліва.
– А я памятаю, як дзядзька Вікенцій беражліва даставаў свае ўзнагароды, каб пайсці на ўрачыстасць, куды яго абавязкова запрашалі ў Дзень Перамогі, – далучаецца да размовы пляменніца Людміла Мікалаеўна Іваноўская. – А яго жонка Таццяна, дарэчы, яна мая родная цёця, ушчувала мужа за гэта. Лічыла, што нясціпла паказваць перад землякамі знакі баявога геройства. Цяпер 9 Мая мае дзеці і ўнукі ідуць у калоне Памяці з партрэтамі сваіх дзядоў-прадзедаў, а я бяру ў рукі партрэт Вікенція Лаўрэнцьевіча…
 Вікенцій Лаўрэнцьевіч і Таццяна Кліменцьеўна Янковічы пражылі разам доўгае і дастойнае жыццё. У мірны час у гэтай сям’і з’явіліся яшчэ тры калыскі. “А сыходзіліся яны незвычайна”, – дзеліцца Людміла Вікенцьеўна Павядайка. Аказваецца, яе тата “адбіў” будучую жонку ў іншага хлопца. Пайшоў да бацькоў дзяўчыны-прыгажуні, у якую закахаўся, і пераканаў тых, што Тані з ім будзе жыцца лепш. “Бацькі мае паважалі і шанавалі адно аднаго, але мама заўжды памятала сваё першае каханне. Ды і хлопец той, колькі жыў, перадаваў ёй прывітанні. Вось як бывае…”, – кажа Людміла Вікенцьеўна.
Па словах дачкі, Вікенцій Лаўрэнцьевіч быў не толькі настойлівым у дасягненні сваіх жаданняў, але і спагадлівым, спакойным па характары, добрым душой чалавекам, кнігалюбам і выдатным майстрам. Так, дзеці хадзілі ў школу ў абутку, пашытым яго рукамі.

– Да вайны тата працаваў на ўласнай гаспадарцы, скончыў чатыры класы польскай школы. На той час гэта лічылася добрай адукацыяй, таму да яго часта ішлі аднавяскоўцы – прасілі напісаць пісьмы і заявы. Перад вайной, адвучыўшыся на курсах, працаваў трактарыстам. А пасля вяртання з Германіі яго як граматнага чалавека і франтавіка-ардэнаносца абралі старшынёй калгаса “Светлы шлях”, створанага ў нашай мясцовасці. Займаў гэту пасаду нядоўга, потым працаваў касірам, экспедытарам – дастаўляў хлеб…
У сям’і франтавіка выраслі дастойныя дзеці. Старэйшая Людміла звязала свой лёс з малой радзімай. Спачатку працавала паштальёнам, а потым многа год – у мясцовых клубе і бібліятэцы. Малодшыя сёстры жанчыны сталі педагогамі. Марыя жыла і настаўнічала ў Орлі. На жаль, ужо пайшла з жыцця. У памяць пра бацькоў яе сыны штогод збіраюць радню на вясковай сядзібе. Малодшая сястра Галіна цяпер жыве ў Лідзе, да выхаду на пенсію выкладала беларускую мову, яна ўсім сэрцам за роднае слова. Брат Міхаіл ажно ў Мінску: працаваў на чыгунцы і ў будаўніцтве. Род абаронцы Айчыны В.Л. Янковіча працягваюць сямёра ўнукаў. Адзін з іх – сын Людмілы Вікенцьеўны – пусціў карані ў Матылях, ходзіць па тых жа сцяжынках, што некалі і яго дзед-ветэран.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота з сямейнага архіва. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!