Пра Нявесцін камень, Белую панну з Чорным манахам і іншыя дзівосы ашмянскага краю

Тэматычны прэс-аўтапрабег арганізавалі для журналістаў Гродзеншчыны калегі з газеты “Ашмянскі веснік” 

Пачаткоўцамі добрай традыцыі летась сталі смаргонскія газетчыкі. Тады і было вырашана, што гэта своеасаблівая эстафета будзе перадавацца штогод ад адной рэдакцыі ў другую. Так што прыйдзе час, і шчучынцы таксама пастараюцца здзівіць пішучую ды здымаючую брацію, а значыць, чытачоў і тэлегледачоў іншых рэгіёнаў вобласці сваімі адметнымі мясцінамі, легендамі, памятнікамі архітэктуры. А пакуль я вас запрашаю ў захапляючую вандроўку па Ашмянскім раёне.

– Мы пастараліся паказаць гасцям Ашмяншчыну малавядомую, – гаворыць галоўны рэдактар “Ашмянскага весніка” Ганна Давідовіч. – Маршрут распрацавалі, каб уразіць нават тых, хто ў нас быў неаднойчы.
Аднак гэта не значыць, што мы маглі абмінуць надзвычай папулярны ў турыста краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча ў цэнтры Ашмян. Зараз тут выстаўлены карціны з галерэі “Нікор”. Мастацкія творы сталічных мастакоў дапоўнены работамі мясцовых жывапісцаў. 

Больше фото здесь

Па-сапраўднаму багатыя фонды музея прыемна здзіўляюць сваёй разнастайнасцю: тут прадстаўлены і шляхецкі побыт, і сялянскі, а макет Гальшанскага замка раскажа пра ягоную былую веліч. Экскурсавод абавязкова ўзгадае дакладна даказаны гістарычны факт, як у тутэйшай карчме спыняўся Напалеон, а легенда надасць аповеду пікантнасці, маўляў, у Ашмянах быў нават замах на жыццё Банапарта! 
У арыгінальным дызайне музейнага інтэр’еру па ўсіх залах сімвалічнай стужкай праходзіць радок з верша Францішка Багушэвіча “Мая дудка”, а напрыканцы, ля экспазіцыі, прысвечанай паэту, на наведвальніка ўздзейнічае эфект “25-га кадра”, калі цалкам змешчаны верш проста пранікае ў тваю свядомасць. 
Знакі задыяка і купал зорнага неба сярод белага дня
Як вы думаеце, дзе ўсё гэта можна ўбачыць? Аказваецца, у старой сінагозе, якая таксама месціцца, лічы, у цэнтры Ашмян. Амаль усё яўрэйскае насельніцтва было знішчана фашыстамі падчас Вялікай Айчыннай вайны (па злой іроніі лёсу менавіта сінагога была цэнтрам гета) і, напэўна, ужо не будзе каму маліцца ў велічных сценах, аднак ашмянцы шчыра вераць, што магчыма адраджэнне гэтай адной з самых вялікіх па памерах і захаваных да нашых дзён аўтэнтычных сінагог. 
Працяг падарожжа па Ашмяншчыне чытайце ў суботнім нумары газеты "Дзянніца" (№45) ад 10 чэрвеня 2017 года.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!