Пра каго распавядае першамайскі музей
Бадай, самым каштоўным экспанатам з ліку арыгіналаў у экспазіцыі аб Вялікай Айчыннай вайне нашага гісторыка-краязнаўчага музея Першамайскай СШ з’яўляецца каляндар 1941 года. Такі вісеў на сцяне адной з вясковых хат, дзе гадавалі дзяцей, шмат працавалі, спадзяваліся на мір і шчаслівую будучыню. Але дата 22 чэрвеня змяніла ўсё, раздзяліла жыццё на дзве кардынальныя паловы – “да” і “пасля”. Нямецка-фашысцкія захопнікі вераломна напалі на нашу Радзіму і сталі наводзіць свой жорсткі парадак. Але не ўсе былі гатовы змірыцца з гэтым.
На тэрыторыі першамайскага рэгіёна падчас Вялікай Айчыннай вайны дзейнічаў партызанскі атрад імя Георгія Катоўскага брыгады імя Ленінскага Камсамола. Яго камандзірам з’яўляўся Іван Раманавіч Еўдакімаў, які пасля вайны жыў у Гродне і часта прыязджаў у нашу школу на ўрачыстасці.
Гэта чалавек незвычайнага лёсу. У самым пачатку вайны ён, баец Чырвонай Арміі, быў цяжка паранены і трапіў у нямецкі палон, двойчы ўцякаў, пераадольваючы неймаверныя цяжкасці. Здолеў стварыць сваю баявую групу, каб змагацца з ворагам. Спачатку ў яе ўваходзілі толькі 13 чалавек з ліку мясцовых жыхароў. “Партызан Саша”, -- так называлі Івана Раманавіча з мэтай канспірацыі яго таварышы па барацьбе.
У ноч на 30 красавіка 1942 года народныя мсціўцы пад кіраўніцтвам І.Р. Еўдакімава ажыццявілі сваю першую аперацыю. За май-чэрвень партызаны разагналі валасныя ўправы ў Радунскім раёне. Ім удалося знішчыць спісы моладзі, якую фашысты меліся адправіць у Германію. У жніўні група партызана Сашы ўзарвала мост праз Дзітву на шашы Гродна – Ліда. Затым быў спалены мост праз раку Пелясу на дарозе, што вяла з Радуні на Гродна.
Акупанты нейкім чынам даведаліся, хто кіруе супраціўленнем і паўсюдна расклеілі аб’явы, маўляў, той, хто знішчыць “бандыта Сашу”, атрымае ўзнагароду – 50 тысяч марак, а хто партызана здасць жывым – у дадатак да гэтай сумы яшчэ і 30 гектарамі зямлі завалодае. Аднак ахвотнікаў да нямецкіх “падарункаў” не знайшлося. Наадварот: людзі шукалі няўлоўнага Сашу, каб далучыцца да барацьбы. Да восені 1942 года ў фарміраванні І.Р. Еўдакімава было ўжо 70 чалавек. Атрад назвалі іменем легендарнага героя грамадзянскай вайны Рыгора Катоўскага.
З першых і да апошніх дзён адважна ваяваў ў складзе гэтага атрада наш мясцовы жыхар Мікалай Іванавіч Грымута. Да вайны ён змагаўся за савецкую ўладу ў радах КПЗБ. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР актыўна ўключыўся ў будаўніцтва новага жыцця. Але вайна перакрэсліла ўсе мірныя планы і надзеі. Мікалай Грымута, каб абараняць родную зямлю ад акупантаў, помсціць карнікам за спаленыя хаты і расправы над землякамі, далучыўся да партызан.
Прыкметнай асобай у атрадзе імя Катоўскага быў і колішні дырэктар Першамайскай школы Сямён Сцяпанавіч Зеркін. За баявыя заслугі яго ўзнагародзілі медалём “Партызану Айчыннай вайны”.
Побач з мужчынамі са зброяй у руках адважна змагаліся з ворагам жанчыны. Зоя Канстанцінаўна Будзька была разведчыцай, прыносіла ў атрад вельмі каштоўныя звесткі. Пачынала яна з партызанскай сувязной, асабіста ведала многіх верных людзей, памятала, дзе знаходзяцца нямецкія пасты. Зоя разам з баявымі таварышамі хадзіла на рызыкоўныя заданні ў Матылі, Замошшы і іншыя вёскі, дзе партызаны чынілі расправы над фашысцкімі памагатымі і здраднікамі, удзельнічала ў маштабнай аперацыі па знішчэнні маслазавода ў Забалаці тагачаснага Радунскага раёна.
Не можа не кранаць і гісторыя Сяргея Іосіфавіча Будзькі. Немцам стала вядома аб яго сувязях з партызанамі. Мужчыну жорстка збівалі на вачах жонкі і дзяцей, патрабавалі, каб паказаў месца размяшчэння атрада, а затым сталі пагражаць расстрэлам усёй сям’і. Тады С.І. Будзька рашыў схітрыць і сказаў, што ведае дзе партызаны, але гэта ніякі не атрад, а ўсяго чацвёра чалавек з двума абрэзамі. У сапраўднасці народных мсціўцаў было паўсотні, пра што сувязны добра ведаў.
Намеснік начальніка жандарскага ўчастка ў Сабакінцах (так на той час называўся Першамайск) з 12-ю жандарамі накіраваліся браць “чатырох партызан”. Сяргей, рукі якога былі закаваны наручнікамі, павёў ворагаў у лес. Падыходзячы да лагера, фашысты ўбачылі кагосьці з партызан і адкрылі агонь, тым самым выявіўшы сябе. Народныя мсціўцы аператыўна занялі абарону. У тым баі былі забіты шэсць гітлераўцаў, у тым ліку і іх камандзір, а астатнія папросту збеглі. Партызаны тут жа змянілі месца стаянкі, і гэта было вельмі правільнае і своечасовае рашэнне. Літаральна на наступны ранак сюды прыбылі ўжо 400 узброеных да зубоў фашыстаў. Аднак акрамя застрэленых жандараў нікога ў лясным лагеры не знайшлі. Сяргей Будзька выжыў і стаў баявой адзінкай атрада Івана Еўдакімава. Яго сям’і таксама ўдалося пазбегнуць расправы, уцёкшы ў лес.
Партызаны атрада імя Катоўскага адважна ўступалі ў баі з немцамі, пусцілі пад адхон 14 варожых эшалонаў, узарвалі 6 мастоў. У 1944 годзе на момант аб’яднання з часцямі Чырвонай Арміі ў атрадзе налічвалася 114 чалавек. Многія з народных мсціўцаў рашуча паўсталі ў шэрагі франтавікоў. А вось Івана Еўдакімава пакінулі там, дзе ён партызаніў. На нашай шматпакутнай зямлі трэба было аднаўляць мірнае жыццё.
У музеі Першамайскай СШ захоўваюцца сшыткі з успамінамі Івана Раманавіча Еўдакімава і Сяргея Іосіфавіча Будзькі, а фотаздымкі сведчаць, што былыя партызаны не раз прымалі ўдзел у школьных мерапрыемствах з нагоды Дня Перамогі, сустракаліся з моладдзю, каб расказаць праўду аб той страшнай вайне і гераізме нашых землякоў, усяго савецкага народа, што вызваліў свет ад фашысцкай чумы.
Наталля ГУДАЧ, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея Першамайскай СШ.
Фота Таццяны СТУПАКЕВІЧ.