Познаем Беларусь: обряд крещения у белорусов

 

З’яўленне дзіцяці ў сям’і — важны і адказны час для бацькоў. На іх ускладаецца абавязак абараняць немаўля ад хвароб і сурокаў. Каб засцерагчы сына ці дачку ад негатыўнага ўздзеяння, нашы продкі звярталіся да розных магічных рытуалаў і замоў. З прыняццем хрысціянства шматлікія трывогі за лёс дзіцяці вырашаў абрад хрышчэння. Аднак і яго дагэтуль суправаджаюць не толькі царкоўныя традыцыі.

 

Акрамя хрышчэння ў храме, у гэты ж дзень праводзілі сямейна-родавы рытуал увядзення дзіцяці ў склад сваёй сям’і і ўсяго роду, які калісьці называлі «Радзіны». Хрысцілі немаўля пераважна ў суботу або нядзелю праз тыдзень або два пасля яго нараджэння. Родныя бацькі ў храме не прысутнічалі. Хрышчэнне — духоўнае нараджэнне, таму яны павінны былі на некаторы час саступіць сваё  месца духоўным бацькам — куме і куму.

У кнізе «Беларускія народныя абрады», выдадзенай у 1994 годзе, гаворыцца, што хрысціць немаўля везлі ў другой палове дня. Перад выхадам благаслаўлялі хлеб. Выносячы дзіця з дому, кум станавіўся правай нагой на сякеру ці грэбень. Па дарозе да храма над нованароджаным выконвалі найпрасцейшыя магічныя дзеянні. Хросным забаранялася размаўляць, інакш дзіця магло быць крыклівым. Калі на шляху сустракаўся мост, сыходзілі з павозкі і ішлі пешшу, трымаючы дзіця на руках. Затым трэба было азірнуцца, плюнуць на мост тры разы і кінуць на яго жменю сена.

У дом бацькоў нованароджанага вярталіся пад вечар. Звычайна хросных сустракала бабка-павітуха, апранутая ў кажух, вывернуты аўчынай наверх — каб дзіця не сурочылі. Яна пыталася, якое імя атрымала немаўля, і адносіла яго да маці, а затым акрапляла ўсіх вадой. Існавала такая адметнасць: калі дзеці ў сямейнай пары да гэтага паміралі, нованароджанага ўносілі ў хату праз акно.

Адзін з важных этапаў хрэсьбін — святочны абед. Па версіі некаторых вучоных, традыцыя застолля пайшла ад ахвярных бясед у гонар багоў, чым і тлумачыцца вялікая колькасць рытуальных дзеянняў у час хрэсьбіннага абеду. Напрыклад, сталы ставілі ў адну лінію, каб жыццё дзіцяці было доўгім і праведным. Колькасць страў на хрэсьбінах не абмяжоўвалася, але абавязкова павінна была быць няцотнай. У цэнтры ўвагі была «бабіна каша» (падрабязней аб сакральным сэнсе гэтай стравы мы раскажам у чарговы раз).

Гасцей рассаджваў гаспадар у строгай іерархічнай паслядоўнасці. Самымі ганаровымі былі бабка-павітуха, кум і кума. У пачатку абеду гаспадар праводзіў абрад «Перапіванне» — у першую чарку кума і кумы бацька дзіцяці кідаў грошы, а хросныя, выпіўшы, выказвалі добрыя пажаданні нованароджанаму і забіралі манеты.

Заканчваўся абед абменам падарункамі паміж кумамі і бацькамі хрэсніка. А затым да ўсеагульнай радасці гасцей кум і кума павінны былі тройчы пацалавацца.

НАРОДНЫЯ ПРЫМЕТЫ

♦ Перад тым як выйсці за парог, кум і кума абавязкова прысаджваліся на некалькі імгненняў — каб дарога была добрая.

♦ У дарогу кум і кума бралі хлеб, соль, іншыя прадукты, каб іх хрэснік заўсёды быў, як гаворыцца, і з хлебам, і з соллю.

♦ Калі ў дзень хрышчэння дзіцяці ішоў дождж або снег, гэта лічылася добрым знакам.

 

СБ

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!