Плюс адзін спартыўны аб’ект у Шчучыне

 

У раённым цэнтры завяршаецца будаўніцтва міні-футбольнай пляцоўкі на стадыёне сярэдняй школы № 1. На мінулым тыдні вакол футбольнага поля  была ўсталёвана драўляная агароджа. Таксама на пляцоўцы з’явіліся вароты.

 

Спартыўная пляцоўка будуецца ў рамках рэспубліканскага сацыяльнага праекта «Bonfesto – дзецям», які ў нашым раёне сумесна рэалізуецца Тураўскім малочным камбінатам, Беларускай федэрацыяй футбола і Шчучынскім раённым выканаўчым камітэтам. Пакупку і ўсталёўку агароджы вакол гульнявога поля фінансавала Беларуская федэрацыя футбола.

 

 

Працы па ўсталёўцы агароджы выканала арганізацыя з Мінскага раёна ТАА “Адельвейс”. Вынікі будаўнічых прац пракаментаваў кіраўнік ТАА “Адельвейс” Андрэй Каляга:

 

– Мы зрабілі ўсе працы, якія тычыліся драўлянай агароджы і варотаў. Агароджа складаецца з металічных слупоў, якія бетанаваліся па перыметры, паміж імі зашывалася дошка. Такую ж самую зборную канструкцыю ўяўляюць сабой і вароты. Агароджы на такога кшталту пляцоўкі ўсталёўваем ужо даўно, у нас ёсць пагадненне з Беларускай федырацыяй футбола. Мы выконваем працу па ўсёй краіне, апошнія нашы праекты – гэта ўсталёўка агароджы вакол міні-футбольных пляцовак у Лідзе, Мсціслаўлі і Чэрыкаве.

 

 

Пра гатоўнасць і тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю новага спартыўнага аб’екта нам расказаў загадчык сектару спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Дзмітрый Кірылаў:

 

– Міні-футбольная пляцоўка ўжо амаль гатовая, засталося толькі засыпаць металічныя слупы і добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол гульнявога поля. Урачыстае адкрыццё новага спартыўнага аб’екта плануецца ў бліжэйшы час.

 

Відэа будаўніцтва міні-футбольнай пляцоўкі глядзіце у нашым Telegram.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!