Плячом да пляча. У Васілішках прайшоў раённы злёт патрыятычных клубаў

 

У суботу ў Васілішкаўскай сярэдняй школе прайшоў злёт патрыятычных клубаў Шчучынскага раёна. Дванаццаць ваенна-патрыятычных дружын змагаліся за званне самай лепшай у розных дысцыплінах. Аднак высокая канкурэнцыя на спаборніцтвах не перашкодзіла духу сяброўства.

 

Ініцыятарамі мерапрыемства выступілі аддзел адукацыі і сектар спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама, раённы камітэт БРСМ, раённы аддзел МНС і раённы ваенкамат.

 

 

Спаборніцтвы праходзілі ў некалькі этапаў падчас якіх здольнасці юных патрыётаў ацэньвала кампетэнтная камісія журы. У гэтую камісію ўвайшлі: намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Жанна Мецько, першы сакратар райкама БРСМ Віталія Селівончык, падпалкоўнік у адстаўцы Віктар Анашкін, старэйшы інспектар сектара спорту і турызму Алена Арабчык, кіраўнік праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” Павел Найда, начальнік Васілішкаўскага паста МНС Анатоль Сярко і метадыст Шчучынскага вучэбна-метадычнага кабінета Аляксандр Васілюк.

 

 

Першым конкурсным этапам стаў страявы агляд. Па чарзе дванаццаць каманд паказвалі сваю зладжанасць і ўменне дзейнічаць у камандзе плячом да пляча. Потым самую трапную каманду вызначалі падчас стральбы з пнеўматычных вінтовак. Вядома, злёт не абышоўся без праверкі фізічнай падрыхтоўкі школьнікаў. Так, адным з этапаў спаборніцтваў сталі падцягванні на перакладзіне. Таксама свае ўменні клубы мелі магчымасць паказаць у няпоўнай разборцы і зборцы аўтамата. Тут хочацца адзначыць, што выдатнае веданне канструкцыі зброі прадэманстравалі не толькі хлопцы, але і дзяўчаты. Апошнім конкурсным этапам была ацэнка баявых лісткоў, якія патрыятычныя клубы рыхтавалі загадзя.

 

Па выніках усіх этапаў злёту трэцяе месца ў агульным заліку заняла дружына “Айчына” сярэдняй школы № 1 горада Шчучына, на другім месцы аказаліся прадстаўнікі зборнай каманды гарадской гімназіі і СШ№2, а перамогу атрымаў патрыятычны клуб “Арсенал” Васілішкаўскай сярэдняй школы.

 

Сваімі ўражаннямі ад злёту з намі падзяліўся капітан каманды патрыятычнага клуба “Арсенал” Павел Федасеевіч:

 

– Для нашага патрыятычнага клуба гэта ўжо адзінаццатая перамога ў раённым злёце. Мы заўсёды паказваем добры вынік, акрамя таго, наша каманда рэгулярна ўдзельнічае ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Перад сённяшнім злётам былі хваляванні, аднак пасля страявога агляду стала лягчэй і мы ўпэўнена вытрымалі ўсе выпрабаванні. Хочацца падзякаваць нашаму настаўніку фізкультуры і кіраўніку клуба Генрыху Рушніцкаму, які выдатна нас падрыхтаваў.

 

 

Пра эфектыўнасць злётаў патрыятычных клубаў расказала першы сакратар Шчучынскага раённага камітэта БРСМ Віталія Селівончык:

 

– Злёт патрыятычных клубаў – гэта адзін з найлепшых прыкладаў фармату работы з моладдзю ў рамках патрыятычнага выхавання. Тут мы маем і пераемнасць пакаленняў, асабісты прыклад ваенных, і магчымасць выпрабаваць і праявіць сябе ў розных дысцыплінах. Прыемна адзначыць, што не толькі хлопцы, але і дзяўчыны актыўна ўдзельнічаюць і паказваюць добры вынік. Сёлета раённы злёт упершыню сабраў 12 каманд, гэта сведчыць аб тым, што ў моладзі ёсць цікавасць да такіх мерапрыемстваў.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!