Піў, біў – абы не забіў? Якія меры прадпрымаюцца дзеля таго, каб абразуміць сямейных дэбашыраў
Большасць сямейна-бытавых злачынстваў адбываюцца… на вёсцы і “пад градусам”. Да такой высновы прыйшла, аналізуючы канкрэтныя лічбы і факты, старшы інспектар прафілактыкі ААПП Шчучынскага РАУС Алена Малашка. З сацыяльнага партрэта “хранічнага” сямейнага скандаліста, па словах Алены Іванаўны, паўстае мужчына 40-45 год, які жыве ў сельскай мясцовасці, далёка не заўсёды мае пастаянную работу і, што называецца, празмерна “ўжывае”. Прычым 30 працэнтаў такога роду правапарушэнняў – з рукапрыкладствам і нанясеннем пабояў. Вельмі сур’ёзна стаіць у нашым раёне праблема дамашняга насілля.
Зразумела, што нельга мірыцца і праз пальцы глядзець на гэту агідную з’яву.У гэтым напрамку праводзіцца пэўная работа. Напрыклад, з мэтай прафілактыкі двойчы на месяц у Шчучынскі РАУС запрашаюць для гутаркі тых, хто трапіў у “групу нядобранадзейных”. Адкрыты дыялог дапаўняюць прагляды сацыяльных відэаролікаў і дакументальных фільмаў на злабадзённую тэму. Вось і на гэты раз адбылася такая сустрэча ў рамках комплексу дадатковых мер, накіраваных на папярэджанне супрацьпраўных паводзін грамадзян.
З Ражанкі, Орлі, Ракавічаў, Амбілеўцаў, Якубавічаў, іншых населеных пунктаў прыехалі мужчыны, якія “засвяціліся” ў хатніх разборках і, безумоўна, панеслі ўжо за гэта адказнасць, аднак не выпалі з поля зроку шчучынскіх праваахоўнікаў. Здзіўляла, што сярод сабраўшыхся было і некалькі прадстаўніц нібыта “слабой паловы”. Аказваецца, сярод хатніх скандалістаў “мясцовага разліву” – чатыры жанчыны!
-- У Шчучынскім раёне на ўліку стаяць 60 сямейных дэбашыраў. 37 чалавек з гэтай кагорты нідзе не працуе, -- агучыла сумную статыстыку маёр міліцыі Алена Малашка. – Найчасцей прычыны сацыяльнай з’явы крыюцца ў алкагалізме. Ад яго -- і слёзы ў сям’і, і прагулы на рабоце, і злачынствы. Нямала бед здольны натварыць чалавек у п’яным угары.
Алена Іванаўна расказала аб крымінагеннай сітуацыі, звязанай з катаваннямі і дамашнім насіллем, пазнаёміла прысутных са зменамі ў заканадаўстве аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Цяпер, калі хтосьці вядзе асацыяльны лад жыцця і двойчы за год прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення, ён можа быць накіраваным у ЛПП. Больш жорсткім становіцца заканадаўства і ў адносінах да тых, хто трапляе ў лячэбна-працоўны прафілакторый “па другому кругу”. Усе гэтыя і іншыя нюансы падрабязна і даступна растлумачылі сабраўшымся.
Пра тое, што ў нашай рэспубліцы ўжо распрацоўваецца праект закона аб дамашнім насіллі і чым гэта выклікана, распавяла гаворку памочнік пракурора Алена Адаміцкая. А начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі расказаў аб магчымасцях працаўладкавання праз дзяржаўную службу занятасці, падкрэсліў, што на сённяшні дзень у Шчучынскім раёне ёсць каля 400 свабодных вакансій і існуе рэальная магчымасць зарабіць, калі беспрацоўны сапраўды гэтага жадае.
З цікавасцю слухалі прысутныя жывое і насычанае рэальнымі прыкладамі з урачэбнай практыкі выступленне ўрача-нарколага Шчучынскай райбальніцы Людмілы Чудоўскай. Дыялог атрымаўся канструктыўным хаця б таму, што знайшліся людзі, якія пасля мерапрыемства падыходзілі да Людмілы Яраславаўны, каб параіцца і спытаць, дзе можна “закадзіравацца” ад алкагольнай залежнасці. Адчувалася, што многім у гэтай зале было вельмі няёмка і сорамна за свае ўчынкі. Значыць, ёсць сумленне і жаданне зрабіць работу над жыццёвымі памылкамі. Не павінен мець месца ў нашым грамадстве жудасны ланцужок: піў-біў-забіў… Варта памятаць пра тое і самім ахвярам дамашняга насілля, не церпячы горкае становішча да апошняй кропкі кіпення. Нераўнадушную пазіцыю ў адносінах да сямейных дэбашыраў варта займаць суседзям, сябрам, аднавяскоўцам – усяму грамадству. Як паказваюць рэаліі, дамашняе насілле можа скончыцца вялікай трагедыяй.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.