Песня жыць і служыць дапамагае

Сёння ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў чарговы этап агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці калектываў органаў і падраздзяленняў унутраных спраў УУС Гродзенскага аблвыканкама. Сярод яго ўдзельнікаў – супрацоўнікі міліцыі, а таксама іх жонкі і дзеці – прадстаўнікі 10 райаддзелаў.

– Такія творчыя мерапрыемствы прайшлі ўжо ў Гродне і Іўі, а сёння нас прымае Шчучын. Мэта агляду-конкурсу – паказаць, што супрацоўнікі міліцыі не толькі дастойна служаць, абараняюць ад негатыву і ліхадзеяў, але і ўмеюць спяваць, танцаваць, пішуць вершы, займаюцца мастацтвам. Не абдзелены талентамі і іх родныя, – расказвае старшыня журы, начальнік аддзела ідэалогіі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Яўген Дудко. – Сёння мы вызначым пераможцаў у дзвюх намінацыях – музычнае мастацтва і размоўны жанр. Лепшыя з лепшых стануць удзельнікамі абласнога этапу рэспубліканскай акцыі "Сям'я! Служым разам!". Дарэчы, агляд-конкурс добра з'ядноўвае міліцэйскія сем'і.

 

– Мы рады прымаць на Шчучыншчыне столькі адораных людзей – сваіх калег і іх родных, – гаворыць намеснік начальніка РАУС Дзмітрый Дзмітрыевіч Кірылаў. – У сузор'і талентаў і наша прадстаўніца – Анастасія Сінкевіч. Яе муж – Сяргей Станіслававіч Сінкевіч – старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку. Пажадаем нашай спявачцы ўдачы!

Тэматыка мерапрыемства – Год малой радзімы. Таму і творы са сцэны гучалі адпаведныя. Самадзейныя артысты – статныя мужчыны ў міліцэйскіх мундзірах і мілавідныя паненкі ў прыгожых строях, пераможцы і прызёры розных конкурсаў і дэбютанты – душэўна спявалі і дэкламавалі пра сінявокую Беларусь, Радзіму, родны дом, дарагі сэрцу куточак зямлі і людзей, якія там жывуць.

Так, міліцыянер-дзяжурны ІЧУ Мастоўскага РАУС Віталій Буток прадставіў увазе журы песню "Радзіма". А начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Зэльвенскага РАУС маёр міліцыі Іна Талерчык і бухгалтар з Карэлічаў Юлія Камароўская заклікалі не забываць дарогу ў самае прыцягальнае месца на зямлі, выканаўшы песні "Домой" і "Дом родной". Навагрудчыну дастойна прадстаўлялі маёр міліцыі Максім Урбан і самая юная ўдзельніца конкурсу прыгажуня Маша Шэйпак – дачушка намесніка начальніка РАУС, а Слонімскі райаддзел міліцыі – сышчык Дзмітрый Ракуць.

Яркая шчучынская зорачка Анастасія Сінкевіч, як заўжды, пакарыла залу мілагучным і пранікнёным выкананнем песні "Вечна жыві, мая Беларусь!". Спадабалася і выступленне трыо ваўкавыскіх праваахоўнікаў, двух маёраў і капітана – Юрыя Тупціка, Аляксандра Рамушэвіча і Аляксандра Каляды. У размоўным жанры дастойна выступіла прадстаўніца Дзятлаўскага РАУС Ірына Касянкова: сакавітая беларуская мова, гумар, артыстызм добра дапаўнялі створаны ёю вобраз разбітной беларусачкі. Любоў да роднай старонкі, адданасць Зэльвеншчыне пранізвала маналог студэнткі Ксеніі Жабрун – дачкі намесніка начальніка Зельвенскага РАУС. Зрэшты, усе ўдзельнікі агляду-конкурсу вельмі стараліся прадэманстраваць свае здольнасці.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!