Персанальная выстава жывапісу знакамітага беларускага мастака Алеся Родзіна “Дах ХХХIV “Абуджэнне” адкрылася ў РЦКіНТ
Яго карціны кранаюць і заварожваюць, прымушаюць спыніць крок і задумацца над вечным. За яркімі фарбамі, тонкімі, часам хаатычнымі лініямі і штрыхамі – неабсяжны касмічны сусвет аўтара, спроба данесці да гледача сілу мастацтва.
Алесь Родзін сучасны мастак, які нарадзіўся ў горадзе Баранавічы. Ён вядомы сваімі вялікімі палотнамі, запоўненымі дзіўнымі падрабязнасцямі. Асноўныя напрамкі творчасці -- абстракцыя і краявіды. Яго карціны заснаваны на разважаннях. У кампазіцыях пастаянна змяняюцца гарадскія, геалагічныя, біялагічныя і тэхнакратычныя характарыстыкі. А для таго, каб прывесці іх да адзінай сістэмы, Алесь Іванавіч выбірае манахромныя колеры, выкарыстоўваючы іх розныя адценні. Працы Алеся Родзіна ўражваюць і прыцягваюць адначасова. Іх хочацца разглядаць гадзінамі і знаходзіць нешта новае, нешта сваё.
-- На стварэння адной карціны часам затрачваю больш за год, -- прызнаецца аўтар. -- Кожная -- эскіз, які можна дапрацаваць або перанесці на вялікае палатно. Я не прадаю свае работы, а дэманструю іх на выставах для шырокага кола гледачоў. Мяне вельмі ўразіў Шчучын і гасцінны прыём. Перакананы, што яшчэ вярнуся сюды, і абрысы Шчучыншчыны знойдуць сваё адлюстраванне ў маёй творчасці.
Разам з мастаком на адкрыццё выставы завіталі яго сябры -- Сяргей Паяркоў, Яўген Рагозін, Ілля Сін, Алена Ясінская, Кацярына Маркевіч, Марыя Сыракваш, Зміцер Юркевіч, Яўген Шунэйка.
Шчучынцы былі ўражаны не толькі выставай, але і творчым перформансам, які ўвабраў усю моц і сілу мастацтва. Разнастайныя дэталі, неардынарныя касцюмы і касмічная музыка сталі часткай вялікага дыялогу паміж мастаком і гледачамі…
Больш падрабязна пра тое, як прайшла выстава чытайце ў наступным нумары нашай газеты.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.