Пераможцы каляднага турніру вызначаны. У Шчучыне завяршыліся сёмыя дзіцячыя спаборніцтвы па міні-футболе на прызы кампаніі “Праймілк”

 

Па добрай традыцыі, напярэдадні каталіцкага Раства ў Шчучыне праходзіць дзіцячы міні-футбольны турнір на прызы кампаніі "Праймілк". Сёлета калядныя спаборніцтвы сабралі чатыры каманды. Наш раён прадстаўлялі дзве дружыны дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і калектыў "ФСК Шчучын". Таксама ў турніры ўдзельнічалі госці з суседняга раёна – клуб "Ліда".

 

Штогод гэтыя спаборніцтвы аб'ядноўваюць неабыякавых да спорту хлопчыкаў, якія ў сяброўскай атмасферы паказваюць свае таленты і майстэрства. А з трыбун юных футбалістаў падтрымліваюць персанальныя заўзятары - бацькі.

 

Сёлетні турнір пачаўся матчамі за выхад у фінал. У першым паядынку каманда “ДЮСШ-2”узяла верх над "ФСК Шчучын". Другую пуцёўку ў фінал пасля перамогі над "Лідай" забралі хлопчыкі з "ДЮСШ-1".
Далей спаборніцтвы працягнуліся матчам за 3-е месца ў якім з лікам 8:0 "Ліду" перамагла каманда "ФСК Шчучын". Фінал стаў сапраўдным упрыгожваннем турніру і падарыў гледачам безліч вострых момантаў, прыгожых атак. Вынікам гульні стала пермога каманды “ДЮСШ-2”, якая забіла шэсць безадказных мячоў у вароты “ДЮСШ-1”.

 

 

Такім чынам, трэцюю п’едэстальную прыступку турніру заняў калектыў “ФСК Шчучын”, срэбра мелі хлопчыкі з “ДЮСШ-1”. Пераможцамі спаборніцтваў, якім не было роўных на пляцоўцы, сталі футбалісты “ДЮСШ-2”
Усім камандам былі ўручаны кубкі, а лепшыя гульцы сваіх калектываў былі адзначаны памятнымі статуэткамі. Акрамя таго, кожны футбаліст атрымаў салодкія падарункі ад “Праймілка”.

 

Напрыканцы мерапрыемства дырэктар ААТ “Праймілк” Анатолій Бяляўскі павіншаваў спартсменаў з надыходзячымі святамі, пажадаў ім добрага настрою і новых спартыўных дасягненняў. Адказам на гэта, сталі шчырыя дзіцячыя ўсмешкі, якія стваралі цёплы святочны настрой, а сняжок за акном толькі падмацоўваў яго.

 

- Я рады бачыць ззяючыя вочы юных спартсменаў, для якіх спорт адыгрывае важную ролю ў жыцці, – дзеліцца Анатолій Бяляўскі. –Таксама выдатна, што да нас кожны год прыязджаюць госці, якія знаёмяцца з традыцыямі Шчучына. Прыемна чуць словы падзякі ў адрас нашага прадпрыемства, мы адчуваем, што патрэбныя рэгіёну і таму будзем старацца спрыяць развіццю спорту на Шчучыншчыне. Дзесьці маральна, дзесьці фінансава “Праймілк” гатовы падставіць сваё плячо. Ужо зусім хутка наша кампанія падорыць Шчучыну прыгожую дзіцячую спартыўную пляцоўку, якая размесціцца ў адным са спальных раёнаў. Таксама ў бліжэйшы час плануем усталяваць каля гарадскога возера антывандальныя трэнажоры. Усё гэта робіцца дзеля здароўя нашай нацыі, якому ў значнай ступені спрыяе спорт і здаровы лад жыцця.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!