Пазнаёміліся з настаўніцай з Ліды, 16 вучняў якой сёлета атрымалі найвышэйшы бал на цэнтралізаваным экзамене

Яна не была медалісткай, не гналася за чырвоным дыпломам і лічыла сябе «недастойнай» узнагарод. Але менавіта гэтая настаўніца падрыхтавала 16 вучняў, якія набралі 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене па рускай мове. Гісторыя заслужанага педагога, уладальніцы медаля Францыска Скарыны Таццяны ГЛЫЗДОВАЙ — пра любоў да кніг, сілу прыкладу і галоўны сакрэт іх агульнага з вучнямі поспеху.
Заслугі Таццяны Міхайлаўны ў педагагічнай дзейнасці атрымалі шырокае прызнанне. У 2015 годзе яна была ўдастоена медаля Францыска Скарыны, а ў 2017 годзе — нагруднага знака Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі». Значнай падзеяй у яе шматгадовай працы стала прысваенне ў 2024 годзе ганаровага звання «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь». Акрамя таго, Таццяна Міхайлаўна дзевяць разоў станавілася лаўрэатам прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, што падкрэслівае яе неацэнны ўнёсак у развіццё таленавітай моладзі.
«Усё пачалося з настаўнікаў»
У Таццяны Глыздовай былі яркія педагогі, асабліва настаўніца беларускай мовы і літаратуры Скроба Ларыса Паўлаўна — строгая, патрабавальная, але неверагодна цікавая. Менавіта яна заахвоціла чытаннем кніг, вучыла ўважліваму аналізу. Кніга для дзяўчыны была лепшым адпачынкам.

Потым старэйшая сястра паступіла ў Гродзенскі педагагічны інстытут. І Таццяна, не доўга думаючы, вырашыла: педагогіка — гэта яе. А яшчэ ў дзяцінстве з сябрамі гулялі ў школу — заводзілі журнал, ставілі адзнакі. Так гульня перарасла ў справу жыцця.
Сястра пайшла на руска-беларускае аддзяленне, а Таццяна выбрала чыста рускае. Думала: руская мова спатрэбіцца ўсюды. І Таццяна Міхайлаўна ні разу не пашкадавала: факультэт быў моцным, выкладчыкі — бліскучымі.
Галоўнае — веды
Наша гераіня ў школьныя гады не была выдатніцай. Настаўнікі прапаноўвалі пераздаць, падцягнуць, узяць залаты медаль, але яна адмаўлялася. Казала, што ў класе ёсць больш годныя людзі, што «нявартая» медаля. Гэта была свядомая пазіцыя. І ўніверсітэцкі дыплом мог быць чырвоным, але адну тройку па псіхалогіі ёй прапанавалі пераздаць — адмовілася: «Чырвоны, сіні — якая розніца? Галоўнае — веды». Калі яна ўладкоўвалася ў гімназію, дырэктар пажартаваў: «Спадзяюся, веданне псіхалогіі (ці яго адсутнасць) не перашкодзіць вам працаваць з дзецьмі».
Калі толькі пачынала, вучні пыталіся: «Чаму вы на перапынку такая добрая, а на ўроку такая строгая?» Педагог тлумачыць: калі прагучаў званок — пачаўся ўрок, а на ўроку ўсе занятыя справай.

Яна не праводзіць факультатываў, а проста вучыць дзяцей складаным рэчам менавіта на ўроках. І гэта не толькі класы з паглыбленым вывучэннем. «Калі ўзяць вынікі апошняга адзінаццатага выпуску за сёмы клас, нішто не прадвяшчала такой феерыі. У той паралелі, калі і былі дзявяткі, то ўсяго некалькі. А сёння выдатныя адзнакі атрымалі сорак чалавек», — падзялілася Таццяна Міхайлаўна.
Проста так склаліся зоркі
Педагога радуюць не стабальнікі. Яна лічыць, што гэта проста так склаліся зоркі — удача. Для яе каштоўныя зусім іншыя рэчы. З сарака вучняў трыццаць два па рускай мове атрымалі адзнаку «дзесяць», восем адзінаццацікласнікаў — адзнаку «дзевяць». Сярэдні бал падчас навучання — 9,8, сярэдні бал сертыфіката — 94,2.
— Мяне радуюць самыя розныя дзеці, — кажа настаўніца. — Адзін вучань атрымаў 90 балаў і сказаў: «Я ніколі не думаў, што так здам рускую мову. Вось гэта наша з ім перамога. Гэта для мяне каштоўна».
Матывуе на вучобу
У гэтым выпуску ў Таццяны Глыздовай былі чатыры дзяўчынкі-алімпіядніцы, якія ўжо выходзілі на рэспубліканскі і міжнародны ўзровень. Яна думала, што у 11 класе застануцца займацца толькі яны, але і дзве іншыя дзяўчынкі прыйшлі і спыталі: «Калі заняткі?» І хадзілі ўвесь час. І ў выніку — тры «соткі» і 98 балаў. Адна з дзяўчат нават не павінна была здаваць экзамен, але так склаліся абставіны, што адмовіцца ўжо не магла. Таццяна за яе вельмі перажывала: «А раптам 98? Гэта ж па самалюбству б’е». Не, 100.
Таццяна Міхайлаўна ўзгадала, як аднойчы спытала ў вучняў, чаму яны выбралі вывучаць рускую мову на павышаным узроўні, адказалі: «Вы матывуеце нас вывучаць». «Яны вераць у сістэму, у тое, што ў школе яны будуць падрыхтаваныя,» — расказала наша гераіня.
Сын — галоўны памочнік
«У мяне цудоўны сын, які ўсё разумее. Калі ён быў маленькі, я ніколі не правярала яго хатнія заданні: дома я — мама, а ў школе — настаўнік. Ён казаў: „Мама, пасядзі, адпачні, я сам“. Цяпер ён у арміі, і я вельмі яго чакаю», — падзялілася суразмоўніца.
Мы спыталі ў педагога, як яна адпачывае, калі выпадае вольны час?

«Калі мне не хапае часу, я магу слухаць аўдыёкнігі. Аднак люблю трымаць у руках папяровую кнігу».
«Я адпускаю іх з чыстым сэрцам»
«Што трымае мяне ў педагогіцы? Дзеці. І я маладзейшай сябе адчуваю знутры. Мне цяжка без вучняў. Гэта маё. Я проста правільна выбрала прафесію. Мне вельмі пашанцавала.
Сучасныя дзеці прыходзяць у дзясяты клас і кажуць: «Я хачу 100 балаў. І толькі з Вамі я змагу іх атрымаць». Яны не баяцца казаць пра свае мэты. Яны смелыя, матываваныя, ведаюць, чаго хочуць і ідуць да гэтай мэты. Яны бачаць маю працу. Я прыношу ім шмат раздрукаванага матэрыялу. Яны гатовыя да руплівай працы. Выконваем складаныя заданні, аналізуем, параўноўваем, робім высновы. Яны не пішуць у сшытках — я ўсё раздрукоўваю, так эканоміцца час на ўроку.

Педагог кажа, што вынік іх працы будзе заўважаны праз пяць, нават дзесяць гадоў.
«Я адпускаю іх з чыстым сэрцам. Няхай ляцяць у вялікае жыццё. У іх усё атрымаецца. Гэта сапраўдны падарунак для нас, настаўнікаў!»

