Пазнаёміцца з Цёткай, убачыць старажытную царкву-крэпасць, адпачыць на аграсядзібе – усё гэта прапануюць арганізатары тура выхаднога дня
Тур выхаднога дня сумесна распрацавалі адзіны ў рэспубліцы народны музей Цёткі, які дзейнічае ў Астрынскай СШ і ахвотна прымае турыстаў, а таксама аграсядзібы “Бабровая даліна” і “У Мар’яна”.
Арганізатары прапануюць распачаць падарожжа з Астрыны: наведвання музея і знаёмства з жыццём і творчасцю нашай знакамітай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) – паэтэсы, публіцысткі, палымянага барацьбіта за лепшую долю беларускага народа. А атрымаўшы спажытак для душы, самы час накіравацца ў вёску Кульбачына, што знаходзіцца літаральна ў дзесяці хвілінах язды ад г.п. Астрына. Там, на відарыснай тэрыторыі аграсядзібы Алега Сямашкі “Бабровая даліна”, гасцей чакаюць інтэрактыўная экскурсія і археалагічныя экспазіцыі, гульні і забавы, што прыйшлі да нас з часоў Сярэднявечча, стральба з лука і многае іншае. Вядома ж, уважлівыя гаспадары бліжэй да палудня вам пажадаюць смачна есці і пачастуюць юшкай з грэнкамі на вогнішчы, блінцамі з варэннем, духмяным мёдам і гарбаткай на тутэйшых кветках ды травах.
Далейшы шлях ляжыць у вёску Мураванку да нашай славутай царквы-крэпасці, што ў наступным годзе адзначыць 500-гадовы юбілей. Тут уражваюць як велічная архітэктура, так і гістарычныя таямніцы старажытнага храма. А праехаўшы крыху больш за кіламетр, вы трапіце на аграсядзібу “У Мар’яна”, фішка якой – кантактны заапарк з птушынай “камуналкай”. Дарэчы, у крэатыўнага гаспадара Мар’яна Савіцкага заўсёды весела і дарослым, і дзецям. Тут таксама чакаюць камандныя гульні і пачастункі, аматарам могуць даць кансультацыю па ўтрыманні дэкаратыўных птушак, раскажуць і пакажуць побыт беларускай вёскі.
Вясна ўпэўнена ўступае ў свае правы, а значыць, цікаўнасць да блізкіх і далёкіх вандровак толькі расце. Удзельнікі турыстычнага кластара распрацавалі буклет “Шчучыншчына запрашае”, дзе падрабязна расказваюць аб сваіх турыстычных паслугах і кантактах. Так што адпраўляйцеся ў тур выхаднога дня па родным краі – не пашкадуеце!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.