Пазітыўная альтэрнатыва ад Ірыны Грыцко. Даведаліся, чым займаецца псіхолаг у сацыяльным цэнтры

 

Ірына Грыцко – псіхолаг, але сваім галоўным прафесійным святам лічыць менавіта Дзень работнікаў сацыяльнай абароны, які адзначаецца ў нашай краіне 5 студзеня.

 

– Я ўжо дванаццаты год працую ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна. Вельмі люблю сваю прафесію за магчымасць дапамагаць людзям, – гаворыць Ірына Лявонаўна.

 

Вось і нядаўна ў яе і таварышаў па рабоце працоўны дзень распачаўся задоўга да афіцыйнага. Паехалі ў Ліду, каб у 6 раніцы сустрэць з цягніка юнака-сірату, што ў свае 18 год вяртаўся ў родны горад Шчучын, развітаўшыся з сацыяльнай установай. Такі клопат быў зусім не лішнім: малады чалавек яшчэ не навучыўся быць самастойным, аказалася, што згубіў у дарозе пашпарт, не на жарт расхваляваўся… Супакоілі, паабяцалі дапамагчы не толькі аднавіць галоўны дакумент, але і дамовіцца са службай занятасці аб магчымых вакансіях, пачаставалі гарбаткай з дарогі. Хлопец, што называецца, акрыяў, адчуў рэальную падтрымку нераўнадушных людзей.

 

– Я міжволі думала пра тое, што ў мяне прыкладна такога ж узросту сын – таксама робіць першыя самастойныя крокі, паступіўшы ў юным узросце ў каледж, – прызнаецца Ірына. – Увогуле заўжды прапускаю лёсы людзей, з якімі даводзіцца працаваць як псіхолагу, праз уласнае сэрца. Бо не бывае чужых дзяцей, чужой бяды...

 

Да Ірыны Лявонаўны звяртаюцца людзі з самымі рознымі праблемамі: хранічныя скандалы і дамашняе насілле, залежнасць ад алкаголю, дэпрэсія, пачуццё адзіноты… Многа працуе І.Л. Грыцко з тымі нядобранадзейнымі сем’ямі, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або дзе непаўналетнія прызнаны, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Прасцей кажучы, у гора-бацькоў забіраюць дзяцей у сацыяльную ўстанову і даюць час, каб тыя ўзяліся за розум, правялі сур’ёзную работу над памылкамі і “рэканструявалі” сваё разбуранае гняздо.

 

– Для такіх людзей мы арганізавалі клуб “Альтэрнатыва”, на пасяджэнні якога прыходзяць не толькі гараджане, але прыязджаюць і бацькі з глыбінкі. Мы імкнёмся накіраваць іх у пазітыўнае рэчышча, пачынаючы з трэнінгаў і заняткаў па павышэнні… уласнай самаацэнкі, – прыадкрывае прафесійныя сакрэты Ірына Лявонаўна. – Найчасцей у гэтых людзей ўжо ніхто не верыць, ды і самі яны ў сябе не вераць. А так нельга! Павінна з’явіцца матывацыя да здаровага ладу жыцця. Выбар у чалавека заўсёды ёсць. Мы настойліва працуем у групе. Падабенства лёсаў дапамагае разумеюць адзін аднаго, падтрымліваць, адкрываць сэрцы, дзяліцца набалелым. Мэта адна – змяніць сябе да лепшага.

 

Рэальна дапамагаюць і кансультацыі юрыстаў, сустрэчы з медыкамі і проста мудрымі людзьмі з багатым жыццёвым вопытам. Ірына Лявонаўна не ўтойвае, як крыўдна бывае, калі была праведзена доўгая і карпатлівая работа, здаецца, яшчэ некалькі крокаў, і твой падапечны атрымае самую складаную з перамог – перамогу над сабой, але… У самы рашаючы момант выпаўзае аднекуль зялёны змій-спакушальнік. У выніку – пазбаўленне бацькоўскіх правоў праз суд, крах спадзяванняў не толькі дарослых, што далі слабіну, але і малалетніх, якія становяцца сацыяльнымі сіротамі.

 

 На шчасце, нямала і добрых прыкладаў, калі дзяцей удалося вярнуць у сем’і, бо бацькі здолелі кардынальна змяніць сваё жыццё. Цвярозых, прыгожых, са шчаслівымі сынамі і дачушкамі, сустракае Ірына Лявонаўна на гарадскіх вуліцах сваіх былых “альтэрнатыўшчыкаў”. Некаторыя падыходзяць са словамі ўдзячнасці: “Гэта Вы дапамаглі нам і нашым дзецям!”

 

Аднак псіхолаг глыбока пераканана, што дзеля поспеху неабходна 90 працэнтаў намаганняў самога чалавека і толькі 10 працэнтаў залежыць ад эфектыўнай падтрымкі спецыялістаў. Як бачым, няма цудаў у станоўчых метамарфозах – ёсць сур’ёзная праца.

 

У невялікім, але ўтульным кабінеце Ірыны Грыцко звяртаюць на сябе ўвагу не толькі неабходныя ў рабоце атрыбуты, але і сертыфікаты аб кваліфікацыі. Псіхолаг ТЦСАН пастаянна самаўдасканальваецца, удзельнічае ў семінарах, спасцігае новыя методыкі, сочыць за навінкамі навукі. Разам з тым Ірына не адрываецца ад рэальнасці, разумеючы, што ўсё геніяльнае – проста. Так, падчас летняга водпуску асяніла ідэя арганізаваць у рабочым кабінеце… пясочную тэрапію. Задумку дапамог рэалізаваць муж, які, па словах Ірыны, можа і ўмее літаральна ўсё! Іван Іванавіч змайстраваў адмысловы рэлаксацыйны столік – з рознакаляровымі падсветкамі, дэкаратыўным пяском, на якім можна вымалёўваць ці то чароўныя арнаменты, ці то летуценныя мары. Тут знаходзяць забаву маленькія фантазёры, шукаюць душэўную раўнавагу эмацыянальна ўзрушаныя стрэсам дарослыя, займаюцца людзі з інваліднасцю, распрацоўваючы маторыку.

 

– А нядаўны мы разам з калегамі выпусцілі відэаролік “Усё будзе добра!” і размясцілі яго ў Інстаграме на сайце нашага цэнтра. Колькі ўдзячных водгукаў на простыя словы, што ідуць ад душы! – дзеліцца Ірына Грыцук. – У нас цудоўны калектыў аднадумцаў. Заўсёды адчуваеш надзейнае плячо сяброў. У гэтым і ёсць сакрэт поспеху ва ўсіх справах.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!