Пасюта: Лічу важным мець кантакт з маладым пакаленнем

 

Нядаўна ў Гродне прайшла пазачарговая сесія аблсавета з адным пытаннем на парадку дня — выбарамі новага старшыні. Усе 39 дэпутатаў аддалі свае галасы за Алену Пасюту, якая да гэтага часу працавала намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама і з'яўлялася дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў.

Алена Васілеўна па адукацыі філолаг, пасля заканчэння ГрДУ імя Янкі Купалы выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах і гімназіі Шчучына. Ураджэнка Шчучынскага раёна.

Гэта першае інтэрв'ю Алены Пасюты на пасадзе старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

 

 

— Алена Васілеўна, вы перайшлі з выканаўчай галіны ўлады ў заканадаўчую. Наколькі гэта для вас складаны крок? Ці наадварот? Што вы маглі б перанесці з адной пасады ў другую?

— Я лічу, што выканаўчая ўлада на сённяшні момант вырашае многія задачы, звязаныя з сацыяльнай палітыкай дзяржавы, што з'яўляецца асноўным і ў рабоце Савета дэпутатаў. Гэта работа з людзьмі, работа з насельніцтвам, прыёмы грамадзян, магчымасць вырашаць тыя праблемы, якія самастойна людзям складана вырашыць. Акрамя таго, неабходна прадстаўляць інтарэсы дзяржавы і даводзіць простымі словамі тыя змены, якія адбываюцца ў краіне, тую палітыку, якую праводзіць дзяржава ўнутры краіны і па-за яе межамі. Людзі павінны адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні.

— Што асабіста для вас прыярытэтна на пасадзе старшыні аблсавета?

— Для мяне такая работа не новая, я з'яўляюся дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў з 2018 года. І калі пісала перад выбарамі праграму, рабіла акцэнт менавіта на сацыяльную сферу. Мне дадзеная сфера найбольш вядомая, бо на пасадзе намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама курыравала менавіта гэтыя пытанні. І мне мая выканаўчая ўлада дапамагала рэалізаваць гэтыя задачы.

— Якія асноўныя аспекты былі ў вашым полі зроку?

— Найперш работа з уразлівымі катэгорыямі насельніцтва і работа з моладдзю. Як педагог па адукацыі лічу важным мець кантакт з маладым пакаленнем. Ведаць, як яны ўладкаваліся на новым рабочым месцы, дапамагаць у вырашэнні бытавых праблем. Вельмі важна весці кантроль наймальнікаў па прадастаўленні льгот і прэферэнцый маладым спецыялістам. У поле зроку знаходзілася і работа з прафсаюзамі. Мы аналізавалі калектыўныя дагаворы і сацыяльную падтрымку на першым рабочым месцы. Моладзь павінна адчуваць падтрымку з боку ўлады і мець магчымасць самарэалізавацца.

— Я ведаю, што вы ў сваім раёне вельмі цесна працавалі з маладымі спецыялістамі. Ці прынесла гэта станоўчыя вынікі?

— З кожным новым спецыялістам даводзілася сустракацца асабіста. Мы праводзілі агульныя сустрэчы, каб пагутарыць па шчырасці, даведацца аб іх мэтах і бачанні сябе ў прафесіі. У сваю чаргу, мною рабілася ўстаноўка на прафесійныя якасці. Малады спецыяліст павінен ведаць, што важна аддаваць сябе той прафесіі, якую абраў. У выніку моладзь аб'ядналася, нават правялі форум маладых спецыялістаў, дзе агучылі тыя задачы, якія хацелі б вырашыць сумесна з раённымі ўладамі. Вырасла замацаванасць маладых спецыялістаў у раёне, напрыклад, у галіне адукацыі — на 10 працэнтаў.

— У вас відавочная стаўка на моладзь. Гэты кірунак захаваецца і на новай пасадзе старшыні аблсавета?

— Лічу, што моладзь — фундамент развіцця любога грамадства. Я нават сказала б, што яна — драйвер развіцця любой тэрыторыі. Калі ідуць паралельна мудрасць, сталасць і маладосць, з'яўляецца новае бачанне развіцця грамадства, яго перспектывы. Таму павінна быць цесная ўзаемасувязь паміж пакаленнямі. Ёсць настаўнікі, якія гатовыя перадаваць свой вопыт.

Між тым, не ўсё, што мы часам прапаноўваем, ім цікава. Скажу шчыра, зразумець маладое пакаленне дапамагалі ўласныя дзеці. Тыя пытанні, якія абмяркоўвалі дома, выносіліся на больш шырокую аўдыторыю. І было відавочна, што мы рухаемся ў адным кірунку.

Важна, каб маладыя людзі разумелі, што ў краіне шмат магчымасцяў, што дзяржава дае нямала гарантый. І трэба ўлічваць, што гэта той патэнцыял, які заўтра будзе забяспечваць эканоміку краіны.

— Магчыма, у дачыненні да моладзі ў вас ёсць планы?

— Ёсць ідэі. Адзін праект з моладдзю мы будзем рэалізоўваць і праз СМІ. Пакуль не буду яго агучваць. Ёсць ідэя па фестывалі маладзёжных ініцыятыў. Такі форум мы правялі ў Шчучынскім раёне, ён меў станоўчыя водгукі. Гэта стымулюе маладзёжныя ініцыятывы, асабліва калі ёсць дзяржаўная падтрымка. Гэта і гранты для маладых з фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта і субсідыі упраўленняў сацыяльнай абароны для адкрыцця ўласнай справы. Вядома, абласны Савет дэпутатаў не застанецца ў баку ад пошуку ініцыятыўных маладых асоб, лідараў руху. У хуткім часе плануем правесці выязную сесію аблсавета ў Воранаўскім раёне. Будзем абмяркоўваць эфектыўнасць сумеснай работы органаў мясцовага самакіравання і маладзёжнага парламента ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У канцы жніўня правядзём выязное пасяджэнне прэзідыума аблсавета па тэме здароўя і дэмаграфічнай бяспекі. Наведаем аб'екты аховы здароўя, у тым ліку новыя.

— Як вы расцэньваеце прыняцце новых законаў і ўказаў, у прыватнасці, што датычацца зямельных пытанняў? Наколькі яны актуальныя? Ці можна казаць аб новым стымуле ў развіцці тэрыторый?

— Гаворка ідзе аб новым Кодэксе аб зямлі і Указе «Аб спрошчаным парадку прыёмкі ў эксплуатацыю аб'ектаў будаўніцтва». Гэта значна пашырае паўнамоцтвы выканаўчых і распарадчых органаў улады, дазволіць на месцы прымаць рашэнні па тых праблемах, якія цягнуліся гадамі.

Раней у тых жа сельскіх Саветаў проста не было такіх паўнамоцтваў. І не самыя складаныя пытанні трэба было выносіць на самы высокі ўзровень. Цяпер можна казаць аб спрашчэнні многіх працэдур. Будзе прасцей вырашыць нейкія суседскія спрэчкі аб зямлі, узаконіць даўнія пабудовы, да якіх былі прэтэнзіі па будаўнічых нормах. Ды і будавацца будзе значна прасцей. Магчыма, гэта прыцягне насельніцтва, у тым ліку гараджан, да інвестыцый у жылыя дамы ў сельскай мясцовасці.

— На ваш погляд, ці трэба мяняць падыходы ў рабоце дэпутацкага корпуса, структурных падраздзяленняў, я маю на ўвазе райсаветы, сельскія Саветы?

— Ёсць жаданне павысіць статус мясцовых Саветаў, бо ў іх склад выбіраюцца людзі ініцыятыўныя. Таму будзем шукаць новыя формы ўзаемадзеяння з насельніцтвам. А гэта якраз і можа быць развіццё грамадзянскіх ініцыятыў, якія павінны мець выхад. Пакуль не ўсе дэпутаты могуць працаваць у дадзеным кірунку, праяўляць ініцыятыву, быць завадатарамі спраў. Хацелася б, каб дэпутаты былі актыўнымі карыстальнікамі сацыяльных сетак, каб дзяліліся сваімі ідэямі, былі лідарамі думак, больш выступалі ў сродках масавай інфармацыі, дзяліліся тымі поспехамі, якія ім удалося рэалізаваць, альбо тымі праблемамі, што неабходна абмеркаваць. У тым ліку на старонках газет.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара. "ЗВЯЗДА"

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!