Памяць цягам у чвэрць стагоддзя. У Шчучыне ў 25 раз прайшоў адкрыты абласны турнір па футболе памяці Генадзія Шуміка

На выхадных у Шчучыне прайшоў традыцыйны адкрыты абласны турнір па футболе памяці Генадзія Шуміка. Спаборніцтвы ладзіліся ў 25 раз.

 

Былы намеснік дырэктара завода “Аўтапровад” Генадзій Шумік трагічна загінуў у 1998 годзе ў аўтакатастрофе. Спартыўная грамадскасць нашага раёна і дагэтуль памятае Генадзія, як адданага заўзятара і спартсмена. Дзякуючы яго намаганням у Шчучыне дзейнічала футбольная каманда “Аўтапровад”, якая перамагала на першынстве вобласці і выступала ў трэцяй лізе чэмпіянату рэспублікі. Генадзій Шумік пакінуў пасля сябе вялікі след у спартыўнай гісторыі Шчучыншчыны, таму ў памяць аб ім ужо на працягу чвэрці стагоддзя кожны год праводзіцца турнір.

 

 

Сёлета турнір праходзіў у фармаце міні-футбола і сабраў чатыры каманды: “Аўтапровад”, “Шчучын”, “Свіслач” і “Белкард” з Гродна. Гульні праводзіліся на пляцоўцы са штучным пакрыццём па вуліцы Астроўскага. Нягледзячы на не самае спрыяльнае надвор’е, матчы прайшлі па раскладзе.

 

 

Турнір адкрываўся сустрэчай каманд “Аўтапровад” і “Белкард”. У гэтым паядынку шчучынцы паказалі высокі ўзровень футбола і ўпэўнена перамаглі гродзенскіх гасцей з лікам 5:2.

 

 

У наступным матчы “Шчучын” супрацьстаяў гасцям са Свіслачы. Цікава, што наша каманда была сфармавана ў асноўным з маладых шчучынскіх футбалістаў. Аднак недахоп досведу яны спаўна кампенсавалі энергіяй і спрытам. Таму матч завяршыўся перамогай “Шчучына” з лікам 8:3.

 

 

Такім чынам, у фінале турніру за галоўны трафей змагаліся дзве каманды з нашага раёна – “Аўтапровад” і “Шчучын”. Тым часам як у матчы за трэцяе месца “Белкард” адолеў “Свіслач” (4:2).

 

У фінале сюрпрызаў не адбылося. Лепшы па падборы гульцоў “Аўтапровад” спачатку ў першым тайме забіў два безадказныя мячы ў вароты “Шчучына”, а потым паўтарыў свой поспех і ў другім тайме. Заводская дружына і стала пераможцай сёлетняга адкрытага абласнога турніра па футболе памяці Генадзія Шуміка.

 

 

Цікава, што за абедзве шчучынскія каманды выступала некалькі гульцоў на праглядзе, таму цалкам магчыма, што ў новым сезоне Другой лігі шчучынскія заўзятары могуць чакаць новых ігракоў ў складзе нашай каманды.

 

 

Ацаніў якасць турніру былы прэзідэнт футбольнай каманды “Аўтапровад”, а сёння дырэктар раённага спартыўнага клуба Віктар Струкель:

 

– Турнір прайшоў як належыць, крыху надвор’е перашкодзіла, але гэта ўсё натуральна, гэта футбол і матч адбудзецца пры любых умовах. Чвэрць стагоддзя мы ўжо праводзім такія спаборніцтвы, вялікая дата! Самае галоўнае, што мы падтрымліваем гэтую традыцыю і з вялікай павагай ставімся да памяці пра Генадзія Шуміка.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!