Палітычная асвета ў працоўных калектывах. У Шчучынскім раёне прайшоў адзіны дзень інфармавання
18 красавіка ў нашым раёне прайшоў адзіны дзень інфармавання. Прадстаўнік абласной інфармацыйнай групы, старшыня камітэта эканомікі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Камендант разам з раённай інфармацыйнай групай на чале з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама Міхаілам Сушчэўскім сустрэліся з працоўным калектывам ААТ “Шчучынаграпрадукт”.
Чарговы дзень інфармавання быў прысвечаны Усебеларускаму народнаму сходу, які адбудзецца на наступным тыдні. З дакладам па галоўнай тэме “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту” выступіў Аляксандр Камендант. Ён звярнуў увагу на гістарычныя карані сучаснай беларускай палітычнай традыцыі. Так, яшчэ ў часы Полацкага княства дзейнічала народнае веча – сход дарослых мужчын – гараджан, на якім прымаліся найважнейшыя палітычныя рашэнні.
– На сучасным этапе ў барацьбе за захаванне сваёй дзяржаўнасці ва ўмовах глабальнага геапалітычнага супрацьстаяння і знешняга ціску ўмацаванне айчыннай палітычнай сістэмы набыло лёсавызначальны характар. Таму распрацоўка і рэалізацыя найважнейшых кірункаў дзяржаўнай палітыкі праходзіць пры ўдзеле шырокіх слаёў насельніцтва, – адзначыў Аляксандр Камендант.
Пасля ўступлення ў сілу 15 сакавіка 2022 года зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і прыняцця адпаведнага закона статус УНС значна змяніўся. Цяпер гэта найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь. Устаноўлена колькасць удзельнікаў – 1200 чалавек. Таксама вызначаны тэрмін паўнамоцтваў УНС – 5 гадоў, таму што орган набыў юрыдычную сілу. Таксама згодна з новым законам УНС будзе праводзіцца не радзей чым раз на год. Значна былі пашыраны паўнамоцтвы, цяпер орган мае заканадаўчую ініцыятыву, а рашэнні УНС носяць статус абавязковых.
Важныя тэмы закранулі і іншыя спікеры. Так, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Мельнікаў расказаў прысутным аб супрацьдзеянні крыміналу і прафілактыцы злачынстваў, звязаных з пасягальніцтвам на палавую недатыкальнасць і свабоду непаўналетніх. Таксама гучала тэма адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце.
Намеснік начальніка РАНС Раман Шчур нагадаў удзельнікам сустрэчы асноўныя правілы супрацьпажарнай бяспекі, расказаў пра небяспеку спальванні сухой травы. Таксама ён нагадаў прысутным аб неабходнасці мець у кожным жылым памяшканні свайго дома аўтаномны пажарны апавяшчальнік. АПА трэба вешаць на столь, альбо на сцяне за 10 см ад столі. Для таго, каб апавяшчальнік спраўна працаваў, яго трэба праціраць ад пылу і своечасова мяняць элемент сілкавання – крону.
Разам з тым у прысутных была магчымасць задаць актуальныя пытанні і іншым удзельнікам інфармацыйнай групы, сярод якіх былі галоўны ўрач Шчучынскай ЦРБ Вольга Балько і дырэктар РУП ЖКГ Аляксандр Карповіч.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.