Паласа з перашкодамі, пераправа праз раку і дух сапраўднага спартыўнага спаборніцтва. Даведайцеся як у Шчучыне прайшла прыгодніцкая гонка “Забег адважных”

 

Адрэналін, непаўторныя эмоцыі і дух спартыўнага спаборніцтва, усё гэта – прыгодніцкая гонка “Забег адважных”. Мерапрыемства прайшло каля шчучынскага возера і стала сапраўднай праверкай на трываласць для каманд удзельнікаў.

 

Сёлета “Забег адважных” быў прымеркаваны да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усяго ў прыгодніцкай гонцы ўзялі ўдзел дзевяць каманд – прадстаўнікі розных арганізацыі і прадпрыемстваў нашага раёна. Сярод іх былі спартыўныя дружыны са Шчучынскай ЦРБ, Шчучынскага раённага аддзела Следчага камітэта, Цэнтральнай раённай аптэкі № 6, ААТ “Орля”, ААТ “Дэмбрава”, ЖКГ, ААТ “Васілішкі”, ААТ “Шчучынаграпрадукт” і калектыў Васілішкаўскай СШ.

 

 

Удзельнікаў спаборніцтваў прывіталі намеснікі старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна і Яўгеній Вінча.

 

– Вітаю, дарагія сябры. У першую чаргу я хачу павіншаваць усіх вас з Днём Незалежнасці і з 80-годдзем вызвалення нашай Радзімы. Не магу не парадавацца, бо перада мной стаяць самыя адважныя, самыя маладыя і самыя смелыя прадстаўнікі нашага раёна. Дзякую вам, кіраўнікам вашых арганізацый і прадпрыемстваў за тое, што не баіцеся ўдзельнічаць у падобных раённых мерапрыемствах. Сёння ў нас выдатны дзень і з надвор’ем нам пашанцавала. У нас прыгожы горад і асабліва ён выдатны тым, што вось ужо 80 год мы жывем без вайны. Таму сваім забегам вы дакажаце, што мы хочам жыць у такой краіне і хочам развівацца ў кірунку стабільнасці і дабрабыту. Упэўнена, што кожны з вас будзе старацца заняць першае месца і прывезці ў сваю арганізацыю кубак пераможцы, – адзначыла Таццяна Цюсіна.

 

 

Усяго на паласе з перашкодамі ўдзельнікаў чакалі 12 этапаў, якія патрабавалі ад каманд розных фізічных і нават інтэлектуальных здольнасцяў. Камандам прыходзілася паўзці, пераадольваць высокія бар’еры, паднімаць цяжкасці, шукаць адказы на пытанні рознай складанасці. Асабліва ўсім удзельнікам запомнілася пераправа праз раку, якую трэба было здзейсніць у ратавальным крузе. А напрыканцы ўсіх перашкод удзельнікаў чакаў пажарны разлік, які абліваў фінішораў вадой са шланга. Адчуванне балансу, фізічную моц і спрыт паказалі ўсе каманды, а хтосьці зрабіў гэта лепш за іншых.

 

 

Пераможцаў па выніках пройдзенага маршрута вызначалі па хуткасці і набраных балах. Так, трэцяе месца заняла каманда ААТ “Васілішкі”, срэбра спаборніцтваў узялі прадстаўнікі ААТ “Шчучынаграпрадукт”, а пераможцам “Забегу адважных” стаў калектыў Васілішкаўскай СШ, які апярэдзіў сваіх бліжэйшых пераследнікаў на дзве секунды. Віншуем удзельнікаў і пераможцаў спаборніцтваў!

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!