Падарыць радасць перад Новым Годам. Работнікі Шчучынскага РУП ЖКГ далучыліся да акцыі “Нашы дзеці”
У пераднавагодні перыяд добрай традыцыяй для супрацоўнікаў Шчучынскага РУП ЖКГ стаў удзел у акцыі “Нашы дзеці”. Сёлета ў касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі работнікі арганізацыі павіншавалі дзетак дзвюх сем’яў са Шчучына.
Падарыць свята і добры настрой – галоўная мэта гэтай ініцыятывы. Штогод яе неад’емнымі атрыбутамі з’яўляюцца радасныя вочкі і вясёлыя ўсмешкі. Дзеці былі шчыра ўдзячныя дарослым за падарункі сярод якіх былі цацкі і настольныя гульні.
У вобразе Снягуркі дзетак у гэтым годзе наведвала інструктар па арганізацыйна-масавай рабоце Шчучынскага РУП ЖКГ Таццяна Ціцяк, яна падзялілася з намі сваім стаўленнем да акцыі:
– Вельмі добра, што ёсць такія ініцыятывы, як акцыя “Нашы дзеці”. Перад Новым Годам усе хлопчыкі і дзяўчынкі чакаюць цудаў, а ў нас ёсць магчымасць ажыццявіць хоць маленькую іх частку. І разам з тым мы дапамагаем сем’ям, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Я вельмі рада бачыць шчырую радасць, якую мы атрымалі ў адказ на ўвагу і падарункі. Дзеці павінны заставацца дзецьмі, адчуваць дух свята, таму я ўпэўнена, што і ў наступным годзе мы далучымся да гэтай акцыі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.