Падарожжа ў свет мастацтва. У Шчучыне прайшоў занальны этап рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” (+відэа)
Мілагучнымі песнямі, цудоўнымі танцамі і яскравымі касцюмамі парадаваў гледачоў занальны этап рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, які прайшоў у Шчучыне.
На сцэне Палаца творчасці дзяцей і моладзі сабраліся самыя таленавітыя творчыя калектывы і выканаўцы з устаноў адукацыі Шчучыншчыны. Таксама на занальным адборачным этапе выступілі прадстаўнікі Мастоўскага раёна.
Падрабязней пра сутнасць конкурсу “Прывітанне, свет!” нам расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Вольга Чыжык:
– Можна сказаць, што гэты конкурс з’яўляецца своеасаблівай прэзентацыяй раёна па розных кірунках творчасці ў комплексе. Так, сёлетняя канцэртная праграма Шчучыншчыны складалася з 21 нумара. Былі прадстаўлены дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, харэаграфія, інструментальная музыка, вакальнае майстэрства і іншыя кірункі. Большасць нумароў выконвалі выхаванцы Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Яшчэ на сцэне выступілі калектывы і выканаўцы з Галавічпольскай, Дэмбраўскай, Васілішкаўскай сярэдніх школ, а таксама гімназіі і СШ № 2 горада Шчучына.
Мерапрыемства прайшло пад дэвізам “Радзіма мая ў марах, у песнях, у словах”. І сапраўды, нумары канцэртнай праграмы закраналі тэму пяшчотнай любові да малой радзімы. Юныя артысты парадавалі гледачоў традыцыйнымі беларускімі танцамі і спевамі. Не абышлося без элементаў сучаснага мастацтва і добра знаёмых эстрадных песняў. Таксама артысты ў гульнявой форме змаглі пазнаёміць прысутных з беларускім арнаментам і сэнсамі, якія хаваюцца ў ім. Уразіла глядацкую залу і прэзентацыя моднай калекцыі дзіцячага адзення.
Па выніках занальнага этапу абласное журы адбярэ самыя лепшыя нумары канцэртных праграм Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў, якія потым прымуць удзел у абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.