Пад ветразем “Брыганціны”. Плённа і насычана праходзяць канікулы ў навадворскіх старшакласнікаў, якія ў складзе атрада працуюць на палетках ААТ “Васілішкі”

 

Для вучняў летні адпачынак заўсёды такі доўгачаканы і радасны. А вось для іх бацькоў яшчэ і крыху трывожны, бо ўзнікае пытанне, чым заняць дзяцей, як арганізаваць іх вольны час. Аднак гэта не пра вучняў нашай школы, бо іх лета – вельмі разнастайнае. І самым запатрабаваным стаў працоўны атрад.

 

Штогод прадпрыемствы і арганізацыі ідуць насустрач школьнікам і даюць магчымасць зарабіць свой першы рубель, а падлеткі ахвотна запісваюцца ў працоўныя атрады. Арганізацыйная работа ў ДУА “НПК Навадворскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” пачалася задоўга да летніх канікул. Вучні прынялі ўдзел у акцыі “Выбіраем студатрад”, дзе змаглі задаць пытанні сваім сябрам, якія працавалі летась, а таксама настаўнікам, што арганізоўвалі работу атрада.

 

 

Па прапанове ГА “БРСМ” нашы вучні ахвотна згадзіліся праявіць сябе на палетках ААТ “Васілішкі” і стварылі атрад “Брыганціна”. Як толькі даведаліся пра рэспубліканскую патрыятычную акцыю “Іх імёнамі названы студэнцкія атрады”, усе прыйшлі да адзінага рашэння – надаць атраду імя Героя Савецкага Саюза Лізы Чайкінай.

 

Рабяты прызналіся, што яны не на жарт хваляваліся перад пачаткам работы: гэта ж іх першае працаўладкаванне! Але яны -- малайцы, усё ў іх атрымліваецца хутка і якасна на праполцы цыбулі і зборы ягад буякоў.

 

Мы, педагогі, цалкам падтрымліваем імкненне школьнікаў да працоўнай дзейнасці: падлеткі заняты карыснай справай, яны могуць паглядзець на жыццё з пазіцый дарослага і лепш зразумець сваіх бацькоў. Работа ў складзе атрада дысцыплінуе, садзейнічае фарміраванню адказнасці. Дарэчы, “Брыганціна” – гэта не толькі працоўныя будні, але і цікавы адпачынак. Збіраемся разам, дзелімся ўражаннямі і планамі. Юнакі і дзяўчаты прызнаюцца, што іх мэта – не толькі заробленыя грошы, а сумесна праведзены час са сваімі сябрамі, ды і проста асалода ад працы, усведамленне таго, што ты здолеў быць карысным сваёй малой радзіме.

 

Хацелася б выказаць словы ўдзячнасці, а таксама адзначыць добрую арганізацыю працы з боку спецыялістаў ААТ “Васілішкі”: наладжаны дакладны падвоз да месца работы, праведзены неабходны інструктаж, заўсёды школьнікаў суправаджае кампетэнтны і добразычлівы работнік. Спадзяёмся, што гасцінныя гаспадары не будуць расчараваны сваімі юнымі памочнікамі.

 

 

Таццяна МІСЕВІЧ, Люцыя ЯСЮКЕВІЧ.

Педагогі Навадворскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Фота аўтараў.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!