Пачынаючы з выхадных сіноптыкі абяцаюць нам лютаўскую адлігу

 

А пакуль нам трэба будзе яшчэ крыху памерзнуць. Прынамсі сёння, бо ўмовы надвор'я ў Беларусі ў асноўным будзе вызначаць паўночны халодны антыцыклон, сфарміраваны ў арктычным паветры.

 

Аднак, пачынаючы з суботы, маразы ў нашай краіне пачнуць слабець, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

 

 

А сёння ўдзень атмасферны ціск пачне падаць, і да захаду Беларусі падыдзе франтальны раздзел. Таму чакаецца пераважна без ападкаў, толькі ўдзень па захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег, месцамі прагназуецца слабы галалёд. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца.

 

 

Эксперты-сіноптыкі расказваюць, што ў суботу сітуацыя ў атмасферы пачне мяняцца. Атмасферны фронт з захаду, ссоўваючыся на ўсход, будзе адціскаць з тэрыторыі краіны халоднае паветра ў бок Расіі. Маразы аслабеюць. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 7—14 градусаў, па ўсходзе 15—19 марозу, у крайніх паўднёва-заходніх раёнах месцамі мінус 1—6 градусаў. Пад уздзеяннем сонца маразы наогул месцамі адступяць. Удзень будзе мінус 1—8 градусаў, па паўднёва-заходняй палове краіны месцамі ад нуля да 4 цяпла. Павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць. Уначы на большай частцы тэрыторыі, удзень месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег. У асобных раёнах чакаюцца туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёвы, удзень з пераходам на заходні ўмераны.

 

 

У нядзелю нас чакае «вестка» з-за мора. Гэта адаб'ецца ўплыў малаактыўных франтальных раздзелаў, якія перамяшчаюцца з Балтыйскага мора. Месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах прагназуюцца туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер умераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 6 градусаў да 1 цяпла, па ўсходзе 7—10 марозу. Удзень будзе ад мінус 2 да 4 градусаў цяпла.

 

 

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня пад уплывам вільготнай паветранай масы атлантычнага паходжання адліжнае надвор'е распаўсюдзіцца на большую частку тэрыторыі краіны. Ужо ў панядзелак тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 6 градусаў да 1 цяпла. Удзень будзе наогул цёпла для лютага — ад мінус 2 градусаў па ўсходзе да плюс 6 па захадзе Беларусі. Па паўночным усходзе, дзе надвор'е будзе вызначаць франтальны раздзел, прагназуюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Месцамі па краіне могуць згушчацца туманы, магчымы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца.

 

 

Таксама хлюпотна прагназуецца і ў аўторак, калі наша тэрыторыя будзе знаходзіцца пад уплывам маларухомага слабавыяўленага атмасфернага фронту. Ападкаў чакаецца няшмат. У асобных раёнах будуць згушчацца туманы, магчымы галалёд, на дарогах месцамі галалёдзіца. Уначы ў аўторак тэмпература паветра складзе ад нуля да мінус 7 градусаў, па ўсходзе пры праясненнях ад мінус 8 да мінус 15 градусаў. У дзённыя гадзіны сонца будзе разаграваць паветра ад мінус 4 градусаў да 3 цяпла.

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!