Нясумны экскурс у свет сельскай гаспадаркі. На базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі ў Шчучыне прайшла першая раённая Аграгіяда

 

Даведацца пра самыя сучасныя тэхналогіі ў сферы сельскай гаспадаркі і ўбачыць іх прымяненне на практыцы змаглі вучні профільных класаў аграрнага кірунку Шчучыншчыны ў рамках першай раённай Аграгіяды. Мерапрыемства прайшло на базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі ў Шчучыне, яго галоўнай мэтай стала прафарыентацыйная дзейнасць і знаёмства з адной з самых прагрэсіўных навуковых прадпрыемстваў краіны.

 

Аграгіяда складалася з некалькіх этапаў. Спачатку экскурсію па вытворчых аб’ектах занальнага інстытута правёў яго дырэктар Сяргей Шэўчык. Удзельнікі мерапрыемства наведалі цяпліцы і сховішчы, а таксама пазнаёміліся з сучаснай тэхнікай.

 

 

Вялікіх поспехаў інстытут дасягнуў у вырошчванні гародніны, пладова-ягадных культур, вялікі попыт мае насенне, але цікава, што ў арганізацыі атрымліваецца зарабляць нават на камянях. На полі іх збірае і сартуе спецыяльная машына. Сяргей Шэўчык адзначыў, што за чатыры гады яны змаглі прадаць каменне на суму каля 284 000 рублёў.

 

 

Таксама ўразіла прысутных інфармацыя пра міжнародныя кантакты. Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства НАН Беларусі супрацоўнічае з аўстрыйскімі, французскімі, польскімі кампаніямі. Таксама цесныя сувязі наладжаны з рознымі рэгіёнамі Расіі. А яшчэ ў хуткім часе адбудзецца сустрэча з мангольскай дэлегацыяй, якая падзеліцца досведам вырошчвання рысу ў незвычайным для яго асяроддзі. Магчыма, калісьці гэтая азіяцкая культура паселіцца і ў нашым раёне.

 

Падчас экскурсіі ўдзельнікі Аграгіяды таксама пазнаёміліся з навуковай дзейнасцю інстытута, наведалі выставачныя, музейныя пакоі і нават ДНК-лабараторыю.

 

 

На круглым стале “Класы аграрнай накіраванасці – першы крок да прафесіі ў сельскай гаспадарцы” школьнікі змаглі задаць пытанні запрошаным гасцям з Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама.

 

 

Усяго на тэрыторыі Шчучынскага раёна ў профільных аграрных класах навучаецца 49 вучняў з Ражанкаўскай, Васілішкаўскай, Скрыбаўскай сярэдніх школ і Жалудоцкай СШ імя В. Урублеўскага, а таксама Астрынскай СШ імя Цёткі. Як адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Мецько, практыка профільных аграрных класаў добра сябе зарэкамендавала і таму ў хуткім часе будзе пашырацца:

 

– Сёлета ў нашым раёне плануецца адкрыць аграрны клас на базе сярэдняй школы № 3 горада Шчучына. Вельмі важна, што навучанне ў такіх профільных класах заснавана на знаёмстве з асаблівай важнасцю прафесіі аграрыя. Хочацца, каб вы працягвалі тыя традыцыі, якія закладваюцца на базе нашага інстытута, і каб вы спрыялі развіццю сельскагаспадарчай галіны ў нашай краіне.

 

 

Напрыканцы мерапрыемства адбылося ўручэнне сертыфікатаў удзельнікаў Аграгіяды і прэзентацыя творчых фотасправаздач агракласаў за навучальны год.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!