Няшчасны выпадак у Васілішках: трохгадовы хлопчык выпаў з балкона першага паверха

На днях у аг. Васілішкі здарыўся няшчасны выпадак: трохгадовы хлопчык выпаў з балкона першага паверха. Дзіця атрымала сур’ёзную траўму. Што стала прычынай гэтага здарэння? Літаральна на некалькі хвілін малы застаўся без нагляду дарослых…

– Мама з двума дзецьмі пайшла ў госці да сваіх родных, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мецько. – Пакуль карміла грудную дачушку, сын выйшаў на балкон, залез у дзіцячы ложак, а адтуль перавесіўся ўніз і ўпаў. Цяпер з чэрапна-мазгавой траўмай хлопчык знаходзіцца ў адной з Гродзенскіх бальніц.
Па ўсім відаць, бацькі клапаціліся пра бяспеку сваіх дзяцей. Пры абследаванні іх дома было ўстаноўлена, што з вокнаў і дзвярэй былі знятыя ручкі, каб дзіця не магло выбрацца праз акно або зачыніцца ў пакоі. А тут вось не дагледзелі…
– Малое дзіця ні на мінуту не павінна заставацца адно, – засцерагае бацькоў Жанна Іванаўна. Выпадкі могуць самыя розныя. Пакінула бабуля ўнука ў ваннай, а сама выйшла на хвілінку. За гэты час хлопчык раскусіў капсулу з пральным парашком і праглынуў вадкасць. Вельмі многа выпадкаў, калі маленькія дзеці выліваюць на сябе гарачы чай або каву, якія мама неабачліва пакінула на краі стала. Дзіця дацягнулася да кубка і ў выніку атрымала тэрмічны апёк. А ўсіх гэтых сітуацый можна было б пазбегнуць, калі б дарослыя не пакідалі дзяцей адных і стараліся прадугледзець усё да дробязей, каб прадухіліць бяду. Нельга было пакідаць дзіця ў пакоі з адчыненымі дзвярыма на балкон. 
Бацькі заўсёды павінны трымаць у полі зроку малое дзіця. Неабходна абавязкова паклапаціцца пра тое, каб прычынай няшчаснага выпадку не сталі разеткі. Перад купаннем прыгатаваць зараней і ручнік, і патрэбную бялізну. Малышы непрадказальныя, і ніхто не ведае, што іх можа зацікавіць у наступны момант або прыцягнуць іх увагу. 
– Яшчэ адна праблема, якая ўзнікае з надыходам цяпла, – купанне на вадаёмах, – гаворыць Жанна Іванаўна. – Не паддаецца разуменню той факт, калі шасцігадовых і крыху старэйшых дзетак бацькі адпускаюць адных купацца на вадаём. Хіба ж можна так рызыкаваць іх жыццём? Сёння мы не перастаём прасіць мам, каб яны аддавалі сваё старэйшае дзіця ў дзіцячы садок нават тады, калі яны знаходзяцца ў водпуску па доглядзе малодшага дзіцяці. Матулі складана клапаціцца і пра немаўлятка, і пра старэйшага сына або дачку, якія могуць усюды дабрацца і невядома што ўчыніць. У хатняй мітусні ўпільнаваць іх не так проста. А ў садку дзіця будзе пад наглядам. Што тычыцца дзетак-школьнікаў, іх пажадана запісваць у прышкольныя лагеры, у аб’яднанні па інтарэсах, каб яны былі заняты справай. І бацькі будуць спакойныя за бяспеку свайго дзіцяці. 
Нельга пакідаць дзяцей адных дома, закрываючы дзверы на замок. Ніхто не ведае, чым яны вырашаць заняцца, што іх зацікавіць і наколькі гэта будзе бяспечна для іх жыцця.
Паважаныя бацькі, бабулі і дзядулі! Не забывайце ні на хвіліну, што толькі вы ў адказе за сваіх сыночкаў, дачушак і ўнукаў. Іх бяспека і іх жыццё залежаць ад вас. Уратаваць дзіця ад няшчасця можна, а вярнуць яго – ніколі… Беражыце самае дарагое, што ў вас ёсць.
Ганна РУДСКАЯ. 

Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!