Няхай адбудзецца цуд!
Выдатны падарунак зрабілі педагогі Палаца творчасці дзяцей і моладзі для хлопчыкаў і дзяўчынак з абмежаванымі магчымасцямі. На навагодні ранішнік, напоўнены прыгодамі, гульнямі, адкрыццямі і, безумоўна, цудамі, сабралася дзятва з усяго раёна. Як жа рыхтаваліся да гэтага “выезду ў свет” самі дзеці, іх бацькі і педагогі! Затое многія з удзельнікаў уразілі артыстычным выкананнем вершаў, карнавальнымі касцюмамі, жаданнем далучыцца да ўсеагульнага свята.
Шчырыя віншаванні, пажаданне, каб у новым годзе абавязкова адбыўся самы доўгачаканы для рабят цуд, выказала намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. Раздзяліць радасць урачыстасці прыехалі ў палац загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Віктаравіч Тарчынскі і метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ганна Іосіфаўна Новікава. Цёпла вітала сваіх выхаванцаў і іх сяброў намеснік дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Аксана Віктараўна Зубік.
А як радаваліся ўдзельнікі свята сустрэчы з казачнымі героямі! Гарэзлівае Мышаня і свінка Элі так стараліся ўсіх развесяліць! А вось Баба Яга з сяброўкай-пачварай рабілі ўсё, каб Дзед Мароз не трапіў на ранішнік. Ды толькі абаяльная Снягурачка ўсё ж прывяла дзядулю да рабят на Ёлку: усе разам запальвалі чароўныя агеньчыкі, жартавалі, адгадвалі загадкі, вадзілі карагоды. А яшчэ … танчылі ў стылі “рэп” і, безумоўна, атрымлівалі падарункі, якія прыгатавалі для юных гасцей палаца як аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, так і ЦКРНіР.
– Мы з вялікім энтузіязмам працавалі над гэтай праграмай, – дзеліцца культарганізатар Ала Мікалаеўна Яцэвіч, – укладвалі ўсю душу і вельмі прыемна, што знайшлі водгук у дзіцячых сэрцах.
Шчыра кажучы, і дарослым спадабалася арыгінальнае тэатралізаванае прадстаўленне, дзе цудоўна выконвалі свае ролі ўсе дзеючыя асобы.
– Дачушка шчыра верыць у існаванне Дзеда Мароза, і гэта свята падарыла ёй мноства станоўчых эмоцый. Вялікі дзякуй, што ладзяцца для нашых дзяцей такія мерапрыемствы, – гаворыць Вольга Мікалаеўна Клімовіч.
Навагодні марафон працягваецца. З праграмай “В Новый год, как в сказке, полным полно чудес!” энтузіясты ПТДіМ плануюць выступіць на 18-ці ранішніках. Гэта ж колькі дзятвы акунецца ў чароўную атмасферу!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.