Нядаўна Васілішкаўскі сельскі выканаўчы камітэт стаў пераможцам у рэспубліканскім конкурсе на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады ў рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання, удзел у якой прыняла старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Т.І. Зубрыцкая.
– Гэтай перамозе папярэднічала штодзённая руплівая праца вялікай колькасці людзей, – зазначае Тамара Іванаўна. – На тэрыторыі нашага сельсавета знаходзяцца цэнтр культуры, Стара-Васілішкаўскі клуб-музей, Васілішкаўская, Бакштаўская і Гурнофельская сельскія бібліятэкі, дзіцячая школа мастацтваў. У гэтых установах працуе амаль тры дзясяткі чалавек, улюбёных у сваю прафесію.
Адным з брэндавых мерапрыемстваў васілішкаўскага краю з’яўляецца свята музыкі Чэслава Немэна – два разы ў год прыхільнікі яго творчасці збіраюцца ў вёсцы Старыя Васілішкі, каб наведаць цікавыя экскурсіі ў клубе-музеі музыканта.
– У мінулым годзе на базе гэтай установы культуры было праведзена 343 мерапрыемствы, магчымасцю наведаць платную экскурсію скарысталіся больш за шэсць тысяч чалавек – сярод іх турысты з Польшчы, Расіі, Украіны, Іспаніі, Францыіі, Літвы, Латвіі і іншых краін, – падкрэслівае К.Ч. Дзенуць, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. – Значнай падзеяй для Старых Васілішак стала і рэканструкцыя аргана ў касцёле Святых Пятра і Паўла, дзе на працягу года праходзяць канцэрты арганнай музыкі.
Не менш плённа спрацаваў і цэнтр культуры, які ў мінулым годзе правёў 302 мерапрыемствы. Штогод народны ансамбль народнай песні “Васільковая раніца” з Васілішак актыўна ўдзельнічае ў раённых і абласных мерапрыемствах. Канцэртная пляцоўка цэнтра культуры ў мінулым годзе прымала такіх артыстаў як Аляксей Ром, Уладзімір Ухцінскі, кавер-бэнд “Coza Nostra”. Здзіўлялі сваімі выступленнямі шоу-балет Яўгенія Якуша, цырк “Profitto”.
Клубныя ўстановы сельсавета абслугоўваюць 92 населеныя пункты, дзе пражывае больш за чатыры тысячы чалавек. Сярод традыцыйных мерапрыемстваў, накіраваных на адраджэнне і захаванне народных традыцый, арганізацыю вольнага часу насельніцтва, – святы вёсак, канцэртныя праграмы, віншаванні на даму, абрады і многае іншае.
У 2018 годзе адным з асноўных напрамкаў дзейнасці клубных устаноў стала работа з людзьмі пажылога ўзросту. Напрыклад, у Васілішкаўскім цэнтры культуры ў рамках праекта “Кулінарны паядынак” адбылася конкурсная праграма “Я – огородница”.
Васілішкаўская дзіцячая школа мастацтваў выхоўвае 64 таленавітых хлопцаў і дзяўчат. У мінулым годзе яны актыўна прымалі ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных конкурсах, дзе заваявалі сем узнагарод. Вялікая колькасць наведвальнікаў у музычнай групе для дзяцей дашкольнага ўзросту і курсаў па харэаграфіі з элементамі фітнэсу.
Не змяншаецца колькасць чытачоў у бібліятэках Васілішкаўскага сельсавета: у 2018 годзе на іх базе было праведзена 150 мерапрыемстваў рознай тэматыкі і накірункаў, якія наведалі больш за дзве тысячы чалавек.
Для гасцей Васілішкаўскага краю распрацавана экскурсійная праграма “Па шляхах продкаў”, у якую ўключаны знакамітыя гісторыка-культурныя аб’екты – касцёл Яна Хрысціцеля, былая сядзіба Іваноўскіх у Галавічполі, курган у Глебаўцах, гарадзішча перыяду Сярэднявечча ў Касцяневе, касцёл Святых Пятра і Паўла ў Старых Васілішках..
– Кіраўніцтва нашага сельскага выканаўчага камітэта, адкрытага акцыянернага таварыства “Васілішкі” і яго прафсаюзнай арганізацыі актыўна ўдзельнічае і дапамагае ў правядзенні культурных мерапрыемстваў, – падводзіць вынік Тамара Іванаўна Зубрыцкая. – Разам мы дасягнулі прызнання на такім высокім узроўні, але ёсць над чым працаваць і ў будучым. Атрыманыя сродкі ў памеры 130 базавых велічынь будуць накіраваны на развіццё культурнай сферы.
Юлія ЦІМАШЧУК.