Новыя кантракты – залог эканамічнага развіцця
У Дубаі – адным з самых вялікіх гарадоў Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – прайшла буйнейшая ў свеце выстаўка харчовых тавараў “Gulfood-2020” і сабрала лепшых вытворцаў харчовай галіны. Сёлета беларуская экспазіцыя “Belarus. The Taste of Nature” павялічылася на форуме ў два разы і была прадстаўлена 25 прадпрыемствамі, у тым ліку ТАА “Праймілк”.
Выстаўка “Gulfood” з’яўляецца галоўнай падзеяй года для сусветнай харчовай галіны. Штогод у ёй прымаюць удзел каля 5 тысяч кампаній з 85 краін свету.
Айчынныя вытворцы прадставілі на гэтай міжнароднай пляцоўцы мясную і малочную прадукцыю, вырабы з мяса птушкі і яек, бакалею і кандытарскія вырабы. Усе гэтыя тавары абазначаны міжнароднымі сертыфікатамі адпаведнасці ISO, а таксама маюць сертыфікат “Халяль”.
Кампанія “Праймілк” прывезла ўнікальны прадукт – сухі малочна-тлушчавы канцэнтрат з масавай доляй тлушчу ад 20 да 50%. Сыпучы парашок з малочным смакам цалкам раствараецца ў халоднай вадзе за 8 секунд. На стэндзе шчучынскага прадпрыемства дэманстраваліся таксама замяняльнік сухіх вяршкоў і сухі сыроватачна-тлушчавы канцэнтрат. У выніку спецыялісты ТАА “Праймілк” заключылі шэраг выгадных міжнародных дагавораў на пастаўку ўласнай прадукцыі агульным коштам 5 мільёнаў долараў.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.