Новыя кадравыя прызначэнні, будаўніцтва і рамонт дарог, падрыхтоўка да Новага года. У райвыканкаме нядаўна прайшла чарговая планёрка

Аб новых кадравых прызначэннях, будаўніцтве і рамонце ларог, падрыхтоўцы да Новага года - гэтыя пытанні былі разгледжаны на планёрцы, якая пад кіраўніцтвам старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксея Валянцінавіча Садоўскага прайшла ў аўторак.

 

 

У добры шлях

 

 

У пачатку планёркі старшыня райвыканкама А.В. Садоўскі прадставіў і павіншаваў з назначэннем на новыя пасады начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама П.В. Тарчынскага, галоўнага спецыяліста юрыдычнага аддзела райвыканкама К.К. Бурдзей і дырэктара ААТ “Шчучынскі масласырзавод” В.І. Лупіка. Кіраўнік раёна выказаў надзею, што іх вопыт і веды будуць запатрабаваны на новых пасадах пры выкананні пастаўленых задач і пажадаў плённай працы на карысць Шчучынскага раёна і яго жыхароў.

 

 

Аляксей Валянцінавіч таксама ўручыў Ганаровыя граматы Шчучынскага райвыканкама за высокі прафесійны ўзровень і добрасумленную працу ў сістэме дзяржаўных органаў начальніку юрыдычнага аддзела райвыканкама А.Г. Пятровічу і загадчыку сектара прававой і кадравай работы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.С. Хрыбтовіч.

 

 

 

Наш раёнлідар па вытворчасці БРЖ у вобласці

 

Як праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Іванавіч Тодрык, за 11 месяцаў бягучага года вытворчасць малака павялічылася на 109% да ўзроўню мінулага года. Сярэдні надой малака ад каровы дасягнуў 6191 кг (+440 кг).  У сярэднім па раёне таварнасць малака склала 93%. Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы склала 737 грамаў. Вытворчасць БРЖ - 108%, гэта самы высокі паказчык у Гродзенскай вобласці. Гаспадаркі раёна працягваюць аднаўленне пагалоўя свіней, якое цяпер налічвае 51,5 тысячы галоў.

 

А.В. Садоўскі падкрэсліў, што на сённяшні дзень асноўныя задачы аграрыяў – вываз з палёў цукровых буракоў і якаснае завяршэнне ворыва, што з’яўляецца асновай будучага ўраджаю. Аляксей Валянцінавіч засяродзіў увагу на вытворчасці малака вышэйшым гатункам і “экстра”, што дазволіць сельгаспрадпрыемствам рэгіёна атрымліваць значныя дадатковыя сродкі.

 

 

У полі зроку

 

Будаўнічая галіна таксама не засталася без увагі кіраўніка рэгіёна. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Ян Браніслававіч Майсей, за 11 месяцаў у раёне ўведзена ў эксплуатацыю 4009 кв. м жылля. Па выніках бягучага года плануецца выканаць заданне і ўвесці ў эксплуатацыю 8500 кв. м жылля. Снежань стане насычаным на завяршэнне будаўнічых работ і на шэрагу іншых аб’ектах: будуць уведзены ў эксплуатацыю будынак ветлабараторыі, станцыя абезжалезвання вады ў аграгарадках Ражанка і Ляшчанка.

 

Старшыня райвыканкама засяродзіў увагу на завяршэнні рамонтных работ у СШ №2 г. Шчучына і дзіцячай школе мастацтваў: “Да  студзеня  неабходна выканаць асноўныя работы ў другой гарадской школе, каб пасля канікул дзеці маглі пайсці вучыцца ў сваю родную школу. Важны момант – добраўпарадкаванне тэрыторыі каля гэтай установы адукацыі”.

 

 

Кіраўнік раёна застаўся незадаволены якасцю праведзенага асфальтавання вуліцы Кастрычніцкай і тэрыторыі каля міні-рынку ў раённым цэнтры. Аляксей Валянцінавіч таксама даручыў адпаведным службам унесці прапановы па вызначэнні ў раёне дарог, якія патрабуюць рамонту, для далейшага ўключэння ў тытульны спіс на 2020 год.

 

 

Новы год да нас імчыцца ...

 

Абмеркавалі на планёрцы і пытанне падрыхтоўкі горада да калядных святаў і Новага года. Дарэчы, сёння ў Шчучыне запаліць агні галоўная навагодняя прыгажуня раёна. Навагоднія мерапрыемствы абяцаюць прынесці жыхарам раёна, і асабліва юным шчучынцам, мноства яркіх, незабыўных уражанняў. На плошчы Свабоды амаль штодня з 17.00 да 20.00 будзе панаваць творчая казачная атмасфера, дзе гараджане змогуць падрыхтавацца да свята, зарадзіцца навагоднім настроем. У спецыяльна ўстаноўленых хатках будзе арганізаваны святочны гандаль. У сувязі з гэтым старшыня райвыканкама сканцэнтраваў увагу на завяршэнні навагодняга ўпрыгожвання прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Даручана арганізаваць працу і Рэзідэнцыі Дзеда Мароза такім чынам, каб у дзяцей і іх бацькоў была непадробная цікавасць да гэтага зімовага чараўніка.

 

 

Калі даверлівасць недарэчна

 

Начальнік РАУС С.М. Сыцэвіч паведаміў, што на Шчучыншчыне, як і ў цэлым у рэспубліцы, адзначаны рост фактаў крадзяжу грашовых сродкаў з банкаўскіх картак. Схемы, па якіх ажыццяўляюцца крадзяжы сродкаў, простыя. Цяпер ахвяры махляроў паступае званок нібыта ад супрацоўнікаў банка, прадстаўнік якога паведамляе, што з рахунку ўладальніка карткі памылкова спісана буйная сума грошай. І каб яе вярнуць, застаюцца лічаныя хвіліны, таму тэрмінова патрэбны персанальныя дадзеныя - нумар карткі, код доступу і інш. Нічога не падазраючы, чалавек паведамляе свае дадзеныя, а ашуканцы за лічаныя хвіліны пераводзяць грашовыя сродкі на ўласны кошт. А з улікам таго, што знаходзяцца яны часцей за ўсё за межамі рэспублікі, іх затрыманне і вяртанне грошай пацярпелым - справа няпростая.

 

На планёрцы таксама абмеркавалі пытанні капрэмонту дамоў, абуладкавання велапарковак і правядзення шэрага раённых мерапрыемстваў.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!